Актывісты патрабуюць ад Парашэнкі выдаць зброю добраахвотнікам

Ад Парашэнкі патрабуюць спыніць замірэньне і «не здаваць Данбас». Фота: Паўло Зуб'юк

У Кіеве ля сьценаў адміністрацыі прэзыдэнта сёньня сабраліся каля тысячы чалавек, якія патрабуюць спыніць рэжым аднабаковага спыненьня вагню на ўсходзе краіны і ўвесьці там ваеннае становішча. Сярод мітынгоўцаў прадстаўнікі добраахвотніцкіх батальёнаў «Данбас», «Дняпро», «Айдар», якія прыбылі з усходу Ўкраіны, і грамадзкія арганізацыі Майдану.



Удзельнікі «народнага веча» заклікаюць прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку выдаць зброю добраахвотным батальёнам, выканаць перадвыбарчыя абавязальніцтвы аб сацыяльным забесьпячэньні і страхаваньні жыцьця ўдзельнікаў спэцапэрацыі. Людзі, якія сабраліся, таксама заклікаюць прэзыдэнта патрабаваць ад Эўразьвязу ўвядзеньня новых санкцый супраць Расеі.



Зварот да прэзыдэнта мітынгоўцы перадалі праз прадстаўніка прэзыдэнта. Адзін з выступоўцаў заявіў аб неабходнасьці перамоў для дасягненьня міру на ўсходзе Ўкраіны. Аднак удзельнікі мітынгу не падтрымалі яго, перарываючы выступ сьвістам і крыкамі.



Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў пятніцу падоўжыў рэжым аднабаковага спыненьня аагню ў Данецкай і Луганскай абласьцях да 22 гадзін 30 чэрвеня. Украінскія ўлады чакаюць, што за гэты час будуць зачыненыя пункты вярбоўкі добраахвотнікаў на тэрыторыі Расеі, а таксама спыніцца рух незаконных узброеных фармаваньняў на ўсходзе краіны.