Алесь Бяляцкі быў вызвалены ў суботу, 21 чэрвеня ў выніку амністыі. У зьняволеньні ён прабыў 1050 дзён. 24 кастрычніка 2011 году Бяляцкага асудзілі на 4,5 года ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за «ўтойваньне прыбыткаў у буйным памеры». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць.
Праваабаронца адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 Бабруйску.
Падчас сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня Алесь Бяляцкі заявіў наконт сваіх плянаў на будучыню:
«Безумоўна, я буду займацца і далей па меры сваіх невялікіх магчымасьцяў праваабарончай дзейнасьцю. У беларускіх праваабаронцаў магчымасьці абмежаваныя, мы знаходзімся ў пэўнай ізаляцыі, якую стварылі беларускія ўлады для праваабаронцаў і, у прыватнасьці, для „Вясны“, бо дагэтуль мы не зарэгістраваныя і пытаньне легальнай працы для нас вельмі вострае. Я зьяўляюся віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, я буду працаваць таксама і на міжнародным узроўні і па беларускім пытаньні, і па тых, якія ёсьць у рэгіёне. Тым больш што сытуацыя тут вельмі напружаная. Апошнія гады і месяцы наагул узарвалі сытуацыю ў рэгіёне. І трэба нам не забывацца на тое, што адбываецца побач з намі, бо гэта ўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Гэта будзе мая асноўная праца. І буду працягваць сваё пісаньне».
Чытаць адказы Алеся Бяляцкага можна тут
На вашы пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыі адказаў старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітзьняволены Алесь Бяляцкі.