Ня выканаў — і дзякуй Богу!

Валер Карбалевіч

Сярод вялікай колькасьці абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі, зробленых за доўгія 20 гадоў кіраваньня, ёсьць адна цікавая катэгорыя. Гэта абяцаньні, якія не былі выкананыя, але грамадзтва ўздыхнула з палёгкай і сказала: дзякуй Богу. Самы вядомы прыклад — леташні намер кіраўніка дзяржавы ўвесьці падатак на выезд за мяжу («100 даляраў з носу»).

Перш за ўсё адзначым, што Лукашэнку не ўдалося рэанімаваць СССР, хоць ён гэтага хацеў і нават абяцаў. Увесь час ён паўтараў, што распад Савецкага Саюзу — гэта трагедыя, якую неабходна пераадолець. Пасьля падпісаньня дакумэнту аб стварэньні Супольнасьці Беларусі і Расеі 2 красавіка 1996 г. беларускі прэзыдэнт заявіў, што дамова «выпраўляла памылку, зробленую ў 1991 годзе». Выступаючы перад вэтэранамі з нагоды Дня Перамогі ў тым жа годзе, ён казаў: «Мы вярнулі вам дзяржаўны сьцяг краіны, за якую вы ваявалі... Прабачце нам, што мы пакуль не змаглі вярнуць вам вашу і нашу агульную Айчыну ў шырокім і глыбокім сэнсе гэтага слова. Але я перакананы, што гэта нам пад сілу. Мы гэта зробім». Але павярнуць кола гісторыі не ўдалося нават такому волату, як прэзыдэнт Беларусі.

Асобная тэма — гэта абяцаньні Лукашэнкі расейскаму кіраўніцтву. У чым ён толькі не запэўніваў Маскву! Што хутка аб’яднаецца з Расеяй у адну дзяржаву. («Я хачу заявіць, што абяцаў народу на выбарах поўную інтэграцыю з Расеяй, і слова сваё стрымаю. І мы правядзем на гэтую тэму рэфэрэндум».) Што ў аб’яднанай дзяржаве будуць створаны адзіныя органы ўлады. Што Беларусь пераарыентуе свае грузы з партоў краін Балтыі на Калінінград. Што прадасьць беларускія прадпрыемствы расейскім кампаніям.

Лукашэнка ня толькі абяцаў Расеі перайсьці на адзіную валюту — у сьнежні 2000 году нават было падпісанае адпаведнае пагадненьне. Яно прадугледжвала, што аб’яднаньне грашовых сыстэм адбудзецца ў 2005 годзе. Абедзьве краіны ратыфікавалі дакумэнт. Але калі надышоў час рэалізаваць пагадненьне, Лукашэнка «кінуў» Маскву.

Калі б Лукашэнка выканаў усе свае абяцаньні пасадзіць у турму нядбайных чыноўнікаў, то замест лядовых палацаў у кожным райцэнтры давялося б будаваць калёніі.

Нямала прыкладаў нявыкананых пагрозаў, якія тычыліся шараговых грамадзян. Вось на нарадзе па пытаньнях пасяўной кампаніі 19 красавіка 2001 году Лукашэнка дае такі загад: «Сёньня палец ня пратыкнеш на праспэктах Менску, немагчыма праехаць — іншамарка на іншамарцы. Дык вось гэтых вось усіх нумары запісвайце, вам Навумаў (міністар унутраных спраў. — Аўт.) дапаможа, запрашайце — хай дапамагаюць. На канец траўня каб у мяне была інфармацыя, хто які ўдзел з багатых людзей прыняў у падтрымцы сельскай гаспадаркі. Ахвяраваньні ўсіх, хто сёньня ходзіць, поўзае, езьдзіць на іншамарках па краіне, павінны сялянам дапамагчы. Вы зьвярніцеся да ўсіх багатых суб’ектаў і мне далажыце, што яны ахвяравалі».

Але ва ўладаў хапіла здаровага сэнсу не распачынаць паляваньня на багатых людзей проста на вуліцах. Магчыма, і таму, што сярод ахвяраў маглі апынуцца і самі чыноўнікі.

Вось на нарадзе па жыльлёвым будаўніцтве 12.09.2012 Лукашэнка, абураны тым, што грамадзяне, пабудаваўшы кватэру на льготных умовах, там не жывуць, а здаюць кватарантам, дае загад: «Здаў у арэнду — забярыце ў яго кватэру».

Аднак у заканадаўчым акце, які выйшаў па выніках нарады, пакараньне такім грамадзянам было значна зьмякчанае. Там на парушальнікаў накладаюцца толькі фінансавыя санкцыі.

Нядаўна Лукашэнка прыгразіў увесьці «прыгоннае права» ці то ў сельскай гаспадарцы, ці то адносна чыноўнікаў. Але падобныя пагрозы гучалі і раней. Яшчэ ў 2008 годзе кіраўнік Беларусі казаў: «Паступіў у сельскагаспадарчую ВНУ — ідзі і працуй на сяло, ведаў, куды ішоў... Нікому ня будзе дазволена проста адпрацаваць нейкі тэрмін па разьмеркаваньні і перайсьці на іншую працу. Мы гэта юрыдычна замацуем. Без дазволу старшыні райвыканкаму ніхто ня зможа перайсьці на іншую працу». Дык нас чакае выкананьне таго абяцаньня праз шэсьць гадоў?

У любым выпадку, што да Лукашэнкі, нявыкананае абяцаньне — гэта не заўсёды дрэнна.

18.06.2014 г.