Кустурыца не прыехаў, прыехаў «Чынгіс-Хан»

Эмблема фэстывалю нацыянальных культураў перад домам пісьменьніцы Элізы Ажэшкі

Горадня ў гэтыя выходныя перапоўненая сьвяточнай публікай. У горадзе адбываецца Х фэст нацыянальных культураў.
У суботу ў другой палове дня адкрыліся 22 падворкі, на якіх прадстаўленыя 37 суполак. На сьвяце 43 гурты, 92 асобныя выканаўцы. У Горадню зьехаліся 482 народныя майстры, праводзіцца пленэр кавалёў.

Арганізатары палічылі, што ад аднаго фальклёру публіка можа зажурыцца, і вырашылі дадаткова павесяліць яе: у наяўнасьці папулярныя выканаўцы былых часоў — Леў Лешчанка, «Ласковый май», «Чынгіс-Хан» і гумарыст Аркадзь Арканаў. Быў яшчэ запрошаны Эмір Кустурыца, але ў яго цяпер здымкі на тэрыторыі Расеі, і ён не прыехаў.

Дарэчы, кіраўнік рэспубліканскага аб’яднаньня «Русское общество» Сяргей Моладаў, зьвяртаючыся да арганізатараў, сказаў, што яму даводзілася бываць на падобных сьвятах у Польшчы, у Нямеччыне, але гарадзенскі фэст асаблівы: адбор выканаўцаў праходзіць па ўсёй краіне, мерапрыемства сапраўды агульнарэспубліканскае, а за мяжой такога няма. Спадар Моладаў падсумаваў: «А наконт зорак — ня трэба прыпадабняцца да «Славянскага базару», які ён назваў «папсовым»: — «Якую культуру прадстаўляе „Ласковый май“? Толькі не гаварыце мне, што рускую».

Сёлетні фэст дасягнуў рэкорднай лічбы ўдзельнікаў — дзевяцісот чалавек. Арганізатары мяркуюць, што павялічваць іх колькасьць далей немэтазгодна, паколькі гатэлі і рэстараны гораду ня змогуць дастойна прыняць і накарміць больш людзей.

На сьвяточным кірмашы дзеці разглядаюць лялькі ў фальклёрных строях, падпісаныя «беларуска»


На сьвяце прынятыя надзвычайныя меры бясьпекі. Тэрыторыя абстаўленая ўсьцяж мэталічнымі бар’ерамі, вельмі вялікая колькасьць міліцыі забясьпечвае «догляд грамадзянаў пры праходжаньні ў месца правядзеньня мерапрыемстваў» на КПП і «фільтрацыйных пунктах». Некаторыя мужчыны падымаюць перад міліцыянтамі рукі ўгору.

У інструкцыях для адпачывальнікаў на сьвяце было надрукавана, што нельга мець пры сабе «прадметы (рэчы), забароненыя заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь альбо праграмамі (рэглямэнтамі) масавых мерапрыемстваў». Забароненыя, у прыватнасьці, ровары, прафэсійная фота- і відэатэхніка.

Адкрытым быў толькі доступ у лютэранскую кірху, дзе сёньня праходзіла прэзэнтацыя аргана, які даставілі зь Нямеччыны. Кірха была перапоўненая людзьмі, у тым ліку хоры, аднак на ўваходзе нікога не даглядалі. Сродкі ад арганнага канцэрту маюць быць выкарыстаныя на рамонт і рэстаўрацыю храма.

Чарга ў кірху

Новы арган у кірсе


Х фэст нацыянальных культураў закончыцца 8 чэрвеня.