Севярынец вярнуўся ў Пружаны з кнігай

У Пружанах (Берасьцейшчына) адбылася прэзэнтацыя кнігі Паўла Севярынца «Беларуская глыбіня».
Блізу 30 пружанцаў прыйшлі на сустрэчу з сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, які прэзэнтаваў сваю кнігу, напісаную «на хіміі» ў спэцкамэндатуры Куплін каля Пружанаў. Нямала прысутных аказаліся героямі кнігі і атрымалі яе ў падарунак.

Сустрэча адбывалася ў прыватным доме сяброў ТБМ. Як распавёў Павал Севярынец, спачатку імпрэзу зьбіраліся зладзіць у музэі, але там атрымалі адмову. Таму не змаглі пабываць на прэзэнтацыі жыхары суседніх Бярозы і Івацэвічаў — месца было замала.



У часе прэзэнтацыі Павал Севярынец распавёў, чым адрозьнівалася адбываньне ім пакараньня ў Малым Сітне на поўначы Беларусі і ў пружанскім Купліне.

Your browser doesn’t support HTML5

Севярынец прэзэнтаваў у Пружанах «Беларускую глыбіню»


«На Пружаншчыне жывая вера. Тут больш веры, тут больш мовы, тут усё больш сьветлае... Гэтае адчуваньне сьветлыні давала больш творчага натхненьня», — кажа былы палітвязень.


Кніга «Беларуская глыбіня», распавёў Павал, выйшла невялікім накладам у 250 асобнікаў, але яшчэ будзе дадрукоўвацца. Павал распавёў, што з распаўсюдам праз афіцыйныя друкарні ёсьць цяжкасьці, таму прасьцей набыць кнігу будзе менчукам.

Не абмінулі і палітычных тэмаў. Асабліва пружанцаў цікавіла, «калі ўжо менскія палітыкі дамовяцца, каб абраць адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары». Павал Севярынец распавёў, што перамоўны працэс на гэтую тэму ідзе і ўжо ёсьць дамоўленасьць, што адзіны кандыдат павінен быць, і ён будзе абраны на Кангрэсе.

Пасьля прэзэнтацыі ў Пружанах Павал Севярынец заехаў у спэцкамэндатуру ў Купліне, для бібліятэкі якой таксама падараваў колькі асобнікаў сваёй кнігі.



У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Павал Севярынец быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Пазьней справу перакваліфікавалі на «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

16 траўня 2011 г. судзьдзя Заводзкага суду Менску Жанна Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады гэтак званай «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Трохгадовае пакараньне адбываў у спэцкамэндатуры Куплін каля Пружанаў.

На «хіміі» Севярынец і напісаў сваю кнігу «Беларуская глыбіня». Кніга складаецца з эсэ пра беларускую глыбінку, гісторыю, людзей Пружаншчыны і Берасьцейшчыны.