Вайна зь перапынкам на сьвята

Аляксей Мацука

30 траўня мэр Данецку Аляксандар Лук'янчанка абвясьціў аб перамір'і паміж атрадамі «супраціву» і падразьдзяленьнямі ўкраінскай арміі, якія ажыцьцяўляюць у рэгіёне антытэрарыстычную апэрацыю.
Перамір'е нібыта трэба для таго, каб даць магчымасьць выпускнікам адсьвяткаваць заканчэньне школы.

Аб сытуацыі ў горадзе Радыё Свабода распавёў галоўны рэдактар выданьня «Навіны Данбасу» Аляксей Мацука:


– Паводле мэра Данецку, у горадзе сёньня «перамір'е» дзеля сьвята для школьнікаў, як гэта выглядае?

– У мясцовай улады і ў сэпаратыстаў ніякага перамір'я няма, у іх поўны саюз і гармонія заўсёды была. Таму што гарсавет ні разу ніхто не захопліваў, не блякаваў. Ён заўсёды знаходзіўся ў працоўным стане. Мэр Данецку, адзіны з кіраўнікоў усіх буйных гарадоў у Данецкай вобласьці, не напісаў заявы аб адстаўцы. А Краматорскі гарадзкі галава, Марыюпальскі, Макееўскі, Славянскі – усе напісалі заявы аб адстаўцы, а хтосьці пайшоў на бальнічны, у прыватнасьці, Марыюпальскія мэр. Казаць аб перамір'і нельга. Гэта нават не дамоўленасьць. Гэта складана неяк назваць.

– У сацыяльных сетках мноства фатаграфій са сцэнамі марадзёрства ў крамах Данецку...

– На вуліцах верхаводзяць банды, ідзе марадзёрства. Паведамляюць, што аўтасалён BMW, адзіны афіцыйны дылер BMW у Данецку, абкрадзены падчас працоўнага дня. Міліцыя прыехала празь дзьве гадзіны пасьля таго, як быў выкліканы нарад. Таксама не прыехала ахова, якая па дамове павінна працаваць. У горадзе анархія. Кавярні зачыненыя, крамы зачыненыя. Адна крама з дарагой тэхнікай, насупраць абладміністрацыі, учора была абкрадзеная.

Вынесьлі шэсьць айфонаў, адзін айпэд узялі «на патрэбы рэвалюцыі», як сказалі. Хто гэта быў – невядома, але пад сьцягам ДНР. Закрыліся ўсе крамы ў цэнтры гораду, якія гандлююць абсталяваньнем ці ўвогуле чым-небудзь даражэй за сто даляраў. Тая крамы, што працуюць, фактычна пустыя стаяць. Гэта нават горш, чым у 90-я гады. Чуецца страляніна з розных бакоў. У раёнах, дзе сканцэнтраванае элітнае жытло, асабнякі, наогул нікога няма. Усе выехалі. Людзей на вуліцах няма. Пастаянна людзі перажываюць і пішуць у сетках, што адбываецца, што іх палохае.

– У гэтай абстаноўцы аб нейкім сьвяце для школьнікаў казаць складана?

– На апошніх званках нават ня ставілі гімн Украіны ўпершыню за ўсю 23-гадовую гісторыю. Не было дзяржаўных сьцягоў. Узровень украінафобіі падымаецца з кожным днём усё вышэй і вышэй. Зразумець можна. Антытэрарыстычная апэрацыя прабуксоўвае. І нават тыя, хто былі ляяльнымі да ўраду, зараз зьдзіўляюцца – чаму ён нічога ня робіць для абароны сваіх грамадзян на тэрыторыі Данецку і вобласьці? Ужо ёсьць факты нявыплаты пэнсій на поўначы вобласьці. Немагчыма правесьці незалежнае тэставаньне для выпускнікоў. Гэта таксама выклікае ў людзей незадаволенасьць тым, што адбываецца і чарговую хвалю прэтэнзій да кіеўскага ўраду. Уся гэтая антытэрарыстычная апэрацыя праходзіць непрафэсійна: у штабе працуюць людзі, якія не адпавядаюць элемэнтарным прафэсійным крытэрам. Людзі ў асноўным зьдзіўляюцца – чаму ж украінская ўлада, украінская армія ня могуць навесьці парадак на сваёй тэрыторыі, чаму грамадзяне вымушаныя пакутаваць ад дзеяньняў баевікоў, завезеных з Расеі? Вы ж бачылі статыстыку ўсіх загінулых: 33 чалавекі – грамадзяне РФ. Расейскія ўлады спрабуюць сказаць, што гэта грамадзянская вайна, але толькі гэта ня ўнутраная грамадзянская вайна, а вайна паміж грамадзянамі Ўкраіны і грамадзянамі Расеі. Звычайны чалавек застаецца сам-насам з праблемамі, ён аказваецца сам-насам з гэтым хаосам, спрабуючы абараняць сябе і сваю сям'ю.

– Кіраўнік Мінабароны Ўкраіны Міхаіл Коваль казаў, што заходнія і паўднёвыя рэгіёны Данецкай вобласьці ўжо ачышчаны ад сэпаратыстаў, поўнач Луганскай таксама...

– Многія людзі ўспрымаюць антытэрарыстычную апэрацыю як нешта дрэннае, накіраванае супраць іх асабіста. Вельмі шмат фэйкавых навін, іх у тым ліку плодзіць сам антытэрарыстычны штаб.

Замест таго, каб распавядаць небыліцы, яны б дзейнічалі. А канкрэтных дзеяньняў няма. Вы можаце апынуцца на поўдні вобласьці, там вас могуць абабраць да ніткі сэпаратысты на блёкпосьце і машыну забраць. Вы потым нікому нічога не дакажаце – ні Ковалю, ні страхавой кампаніі, нікому. Людзей ня можа абараніць ні ўрад, ні сэпаратысты... Я не разумею, што перашкаджае ўкраінскай арміі прыйсьці і навесьці парадак у горадзе Данецку? Я гэтага не разумею, і яшчэ 80% маіх землякоў не разумеюць, – кажа данецкі журналіст Аляксей Мацука.