Добра, што Ўкраіна не далучылася да Эўразійскага саюза, — экспэрт з Кіева

Рукі Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева і Ўладзімер Пуціна

Любы эканамічны саюз, які ствараецца Расеяй, становіцца палітычным і нераўнапраўным. Для гэтай краіны любыя аб’яднаньні зьяўляюцца дадатковым рычагом геастратэгічнага ўплыву на дзяржавы постсавецкай прасторы.
Пра гэта заявіў у інтэрвію Радыё Свабода палітычны экспэрт з Кіева Аляксей Талкачоў, камэнтуючы стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстана.

Экспэрт лічыць пазытывам тое, што Ўкраіна не далучылася да гэтай тройкі

Талкачоў: «Я думаю, што трапіць ці ня трапіць у такі саюз — больш пытаньне палітычнае. А эканамічныя выгады або недахопы — пытаньне другаснае. Расея стварае любыя аб’яднаньні, у якіх яна зьяўляецца сябрам, ня проста для сяброўства, а каб быць лідэрам і атрымліваць дадатковы інструмэнт геапалітычнага ўплыву на сваіх суседзяў. Перайсьці ў аб’яднаньне, дзе лідэрам зьяўляецца Расея, якая на сёньня ставіцца непрыязна ў дачыненьні да Ўкраіны, ня варта. Прыйдзе час, і мы адыграем свае эканамічныя інтарэсы. Няхай гэта будуць нейкія іншыя эканамічныя аб’яднаньні — мы свайго ня страцім. Але сёньня ісьці ў нейкія аб’яднаньні з Расеяй ня варта».
У мяне на ўзроўні адчуваньняў ёсьць разуменьне, што аб’яднацца з Расеяй на эўрапейскім шляху будзе немагчыма, пакуль гэта дзяржава будзе ў межах яе цяперашніх межаў
Свабода: «Атрымліваецца, што для ўдзельнікаў Эўразійскага эканамічнага саюза — Беларусі і Казахстана — гэта аб’яднаньне ніякага плёну не прынясе? І ў лепшым выпадку дадзены саюз ператворыцца ў фармальнасьць, як, напрыклад, створаная амаль 20 гадоў таму Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі?»

Талкачоў: «Ці будуць пэўныя перавагі і для Расеі ў сэнсе завядзеньня ўласных інвэстыцый у суседніх дзяржавах, і для Казахстана зь Беларусьсю ў пытаньнях экспарту ўласных тавараў на расейскі рынак. Я думаю, гэта значыць, што яны будуць выходзіць на нейкія рэальныя формы супрацоўніцтва, і хаця б Беларусь з Казахстанам хоць нейкую эканамічную выгаду ад такога аб’яднаньня атрымаюць».

Свабода: «Наколькі наіўнымі зьяўляюцца тыя расейскія лібэралы (якіх небагата напэўна засталося), якія ўсё ж мяркуюць, што празь 10, магчыма, 20 гадоў Расея адыдзе ад эўразійскага шляху і аб’яднаецца з Эўропай? Ці можна тады спадзявацца, што там — у Эўропе — Расея аб’яднаецца ў выніку з Украінай?»

Талкачоў: «У мяне на ўзроўні адчуваньняў ёсьць разуменьне, што аб’яднацца з Расеяй на эўрапейскім шляху будзе немагчыма, пакуль гэта дзяржава будзе ў межах яе цяперашніх межаў. Яна зьяўляецца надзвычай велізарным геапалітычным утварэньнем. І ў розных канцах Расеі сьвядомасьць розная, ідэнтычнасьці адзінай няма. І вярнуць гэтую велізарную махіну на эўрапейскі шлях разьвіцьця, нягледзячы на ўсе размовы эўрапейскіх лібэралаў, мне здаецца, немагчыма. Расея альбо пракладзе ўласны шлях (хаця сумняваюся, што Расея будзе дастаткова працяглы час жыцьцяздольнай), або яе ўсё-такі чакае зьмяншэньне тэрыторыі, падзел на шматлікія суб’екты, і эўрапейская частка Расеі тады ўжо зможа абраць пэўны эўрапейскі шлях і прыняць эўрапейскія каштоўнасьці. А ўсё тое, што за Уралам, тыя тэрыторыі выберуць іншы накірунак свайго прыцягненьня, і прыцягнуць іх літаральна за вушы ў Эўропу будзе зусім немагчыма».