Зьміцер Галко: У Данецку сытуацыя не мяняецца. Няма сэнсу тут заставацца

Belarus – Journalist Zmitser Halko in Ukraine, 2014

Карэспандэнт газэты «Новы час» Зьміцер Галко трэці месяц у камандзіроўцы ва Ўкраіне. Аб’езьдзіў усе гарачыя кропкі, усе неспакойныя рэгіёны. Цяпер у Данецку. І зьбіраецца ўжо вяртацца дадому. Пра гэта журналіст распавёў Радыё Свабода.

— Да Данецку апошнімі днямі прыцягнута ўвага ўсіх СМІ. Усе ўважліва сачылі за антытэрарыстычнай апэрацыяй, за вызваленьнем ад сэпаратыстаў аэрапорту. А што сёньня адбываецца ў Данецку?

— Цяпер тут проста поўнае зацішша. Абсалютна нічога не адбываецца, ніякіх зьменаў. Захоўваецца такі «статус-кво». Чакалася ж большага. Ня толькі таго, што нарэшце ачысьцяць ад тэрарыстаў Данецкі міжнародны аэрапорт. Чакалася большага — але не атрымалася. Далей за аэрапорт нічога не пайшло.

— Ці ёсьць у вас спадзеў, што новая легітымная ўлада, новаабраны прэзыдэнт хуткімі тэмпамі навядуць парадак, нармалізуюць сытуацыю?

— Тут, так бы мовіць, крок наперад — два назад. Неяк незразумела пакуль. Спачатку, калі пачалася антытэрарыстычная апэрацыя ў Данецку, здавалася, што так. А цяпер усё нагадвае тое ж самае. То бок такога сур’ёзнага прасоўваньня сытуацыі не заўважана. Я наагул не зусім разумею, як яны навядуць парадак, калі вось так «тармозяць» пастаянна.

— Зьміцер, выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Арсен Авакаў паведаміў, што ў аэрапорце Данецку, адкуль выбілі прарасейскіх баевікоў, знайшлі зброю, завезеную з Расеі. Ён нават фота ў фэйсбуку разьмясьціў. А яшчэ СМІ паведамлялі, што ў Данецку шмат чачэнцаў...
Я наагул не зусім разумею, як яны навядуць парадак, калі вось так «тармозяць» пастаянна
— Адзінае, што я магу сказаць, — калі я быў апошнім разам у Луганску, там была вельмі новая зброя. Такой я ня бачыў анідзе, ані ў кога. А я ж бачыў вельмі шмат вайскоўцаў ва Ўкраіне. Але зброя была проста «з іголачкі», навюткая. І людзі, якія разьбіраюцца ў зброі, казалі, што новыя там аўтаматы былі, кулямёты і ўсё астатняе.

А што да чачэнцаў, то я асабіста шмат іх разам у адным месцы ня бачыў. Але паасобку, чалавекі тры недзе бачыў і сам. Толькі адзінкі асобныя. Але я і ня быў побач з грузавікамі з узброенымі людзьмі — каб было зразумела.

— А колькі часу вы ўжо ва Ўкраіне?

— Трэці месяц. Дакладней, два месяцы і тры тыдні. 8 чэрвеня будзе тры месяцы.

— А колькі часу плянуеце яшчэ прабыць? Зьбіраліся ж дачакацца выбараў і зьяжджаць на радзіму?

— Я спадзяюся, ня вельмі доўга. Мне трэба яшчэ заехаць у Хэрсон, а потым пачну рухацца дадому. Адсюль, напэўна, зьеду ўжо ў пятніцу. Хутчэй за ўсё. Калі нічога ня здарыцца сёньня кардынальна новага. Ня мае сэнсу заставацца. Проста сытуацыя не мяняецца, ня мае сэнсу тут заставацца.