«Менск без цэнзуры»: як бачылі савецкія дзеці жыцьцё сталіцы ў мінулым стагодзьдзі

Дзіцячыя малюнкі з архіву Сяргея Каткова

Унікальная калекцыя дзіцячых малюнкаў з выявамі Менску і сталічнага побыту сярэдзіны ХХ стагодзьдзя захоўваецца ў архіве мастака Сяргея Каткова. Сапраўдная гарадзкая легенда, чалавек, якога ўжо ўганараваныя творцы называюць проста Настаўнік, усё жыцьцё зьбіраў малюнкі сваіх вучняў. Пераўвасобіць збор у кніжку ўзяўся Ўладзімер Сьцяпан.

«Ёсьць там малюнак васьмігадовага хлопчыка, называецца „Сьвята ў горадзе“. На ім кватэра, стол. За сталом сядзяць жанчына і мужчына. І выпіваюць», — распавядае ўкладальнік.

Вайсковы парад пад лёзунгам «Няхай жыве 32-я гадавіна Октября» і кінатэатар «Мір», будынак КДБ з чорнай «Пабедай» і знакамітая крамка на вуліцы Камуністычнай, якая працуе і цяпер; краны над стадыёнам «Дынама», трамваі, аўтамабілі, сабакі, футры і капелюшы, опэрны тэатар і вінныя крамы — усё, што прыцягвала ўвагу малых менчукоў, засталося на альбомных аркушах.

КДБ



«Якія ж тады фарбы былі добрыя, што столькі гадоў прайшло, а ўсё захавалася», — кажа дачка Сяргея Пятровіча Сьвятлана. Яна жыве ў прыватным сэктары Менску ў драўляным доме, які пабудаваў яе бацька. Там жа захоўваецца «куфар з малюнкамі». Іх сапраўды сотні.

«У калекцыі малюнкі з 1948 году па 1973. Гэтыя чвэрць стагодзьдзя для гораду былі самыя важныя, — распавядае Ўладзімер Сьцяпан. — Горад у гэты час якраз будаваўся пасьля вайны. Дзеці ўсё гэта бачылі, усё было на іх вачах. Мала таго, што малюнкі самі па сабе выдатныя, дык яны ператварыліся ў гістарычны дакумэнт».

Уладзімер Сьцяпан

Колькі тыдняў таму Сьцяпан пачаў выкладваць малюнкі з калекцыі Каткова ў фэйсбуку. Гэтыя публікацыі прыцягвалі ўсё больш увагі і выклікалі абмеркаваньні. Незвычайным здавалася тое, што пры вялікай колькасьці дакумэнтальнай хронікі, фатаздымкаў, нават мастацкіх сьведчаньняў пра Менск, на гэтых малюнках горад зусім інакшы.

«У дзіцячых малюнках няма цэнзуры, а ёсьць сапраўдная глыбіня. Ты глядзіш на іх і бачыш, што вось тут намаляваная праўда», — перакананы Ўладзімер Сьцяпан.
Гэта, безумоўна, гістарычны дакумэнт, але апісвае ён ня столькі горад, колькі тое, як яго ўспрымалі дзеці

Менскі летапісец Вадзім Зелянкоў пацьвярджае, што Менск на малюнках адлюстроўвае той час не заўжды дакладна, але праўдзіва. «Гэта, безумоўна, гістарычны дакумэнт, але апісвае ён ня столькі горад, колькі тое, як яго ўспрымалі дзеці, — кажа Зелянкоў. — Вось, напрыклад, малюнак з 60-х гадоў „Менск. Дахі і вежы“. На касьцёле ёсьць крыжы. А ці былі яны там у той час? У 70-я гады крыжоў на ім дакладна не было», — працягвае ён.

«Тут і стадыён „Дынама“, і праспэкт, і разваліны, і краны, і тое, як садзілі дрэвы. На ўсё зьвярталі ўвагу. Матэрыял застаўся вельмі багаты. Мы можам пабачыць, які быў Менск», — перабірае з намі малюнкі Сьвятлана Каткова.

«Вось адзін з маіх любімых малюнкаў, — паказвае Сьцяпан на малюнак крамы. — Ня думаю, што такіх крамаў было шмат. Вось дзіця туды трапіла, і ў яго разьбегліся вочы ад усяго гэтага: колькі пляшак, кансэрваў стаіць. Глядзі, якая публіка... Можа, звычайны гастраном, а можа, і нейкі спэцразьмеркавальнік. Вельмі выразны, унікальны малюнак, які паказвае тагачасны побыт».

Крама, 50-я гады



Тут жа малюнак кухні ў менскай кватэры. «Гэта ўзровень Пікаса, Дэрэна, — пераконвае Сьцяпан. — Я памятаю гэтыя лядоўні „Дніпро“. Калі яна зьявілася ў нас у двары, мы ўсе бегалі яе глядзець. Адчынялі, зачынялі, лямпачка загаралася. Гэта было круцей, чым тэлевізар!»


Кожны дарослы быў малым і маляваў тое, што бачыць вакол сябе. Але ўсё ж малюнкі вучняў Каткова незвычайныя. Сьцяпан кажа, што Каткову ўдавалася галоўнае — захаваць у малюнках дзіцячую шчырасьць.

«Сяргей Пятровіч быў геніяльны цалкам настаўнік: супрацьстаяў шэрасьці савецкай школы, шэрасьці і брутальнасьці нашых бандыцкіх ускраін, — апавядае пра яго вучань, мастак Уладзімер Адамчык. — Ён так любіў дзяцей, што дапамагаў нам стаць не мастакамі, а харошымі людзьмі. А тое, што шмат хто з нас стаў яшчэ і мастаком, дык гэта толькі пацьвярджае, які добры ён быў чалавек».

Вучыць менскіх дзяцей маляваньню Сяргей Каткоў пачаў у 1937-м годзе. У вайну пайшоў на фронт. А ўжо ў 46-м студыя Каткова аднавілася і праіснавала да пачатку 70-х. Бралі туды ўсіх дзетак, якія проста хацелі маляваць.

Сяргей Каткоў з жонкай



У Каткова вучыліся Барыс Забораў, Май Данцыг, Уладзімер Стальмашонак, Леанід Левін...

Уладзімер Адамчык кажа, што менавіта ў студыі Каткова адчуў сябе дарослым:

«Я вучыўся ў трэцяй клясе. Прыйшоў у студыю, Сяргей Пятровіч адкрыў гаманец, дастаў грошы і сказаў: „Валодзя, схадзі ў булачную і купі для натурморта хлеб, сьвежую булку, бублікі“. Мяне зьдзівіла, што нехта чужы, дарослы дае мне грошы. Значыць, ён верыць у мяне, у мой густ, у маё сумленьне.

Я з такім гонарам ішоў у гэтую булачную на вуліцы Леніна насупраць Мастацкага музэя. Накупіў усяго сьвежага — пляцёнку, чорны хлеб, бублікі за шэсьць капеек. Усё прынёс. І калі я гэта нёс, ішоў сьнег, пахла хлебам — і я адчуў, што я дарослы чалавек. Гэта важна».

Знайшоўся ў калекцыі Каткова і дзіцячы малюнак мастака Алеся Квяткоўскага, які той маляваў сямігадовым хлопчыкам.

Малюнак Алеся Квяткоўскага



«Мама мяне прывяла ў студыю ў пяць годзікаў. Для мяне гэта на ўсё жыцьцё падзея. А з гэтым малюнкам — Сяргей Пятровіч рабіў так: мы са Ждановічаў напрасткі да Менскага мора ішлі пешкі і малявалі там этуды», — распавядае Квяткоўскі.

Спадар Алесь кажа, што Каткоў памятаў усё пра кожнага зь дзяцей: як зваць маму, ці ёсьць браты і сёстры. У памяць пра яго Алесь Квяткоўскі напісаў верш, дзе ёсьць радкі: «Не было б настаўніка, не было б мяне».

Сьвятлана Каткова, дачка, згадвае, што разам зь сяброўкай, мастачкай Зояй Літвінавай даводзілася падмяняць бацьку на занятках:

«Дык дзеці не маглі дачакацца, калі ён вернецца. І мы самі не маглі дачакацца, бо столькі ён энэргіі ўкладаў у гэтых дзетак. Усім у ягонай студыі хапала месца, да кожнага хапала ў яго ўвагі і слова».

Your browser doesn’t support HTML5

Сьвятлана Каткова пра архіў дзіцячых малюнкаў Сяргея Каткова


«Калі яго хавалі ў 1976-м, — згадвае Алесь Квяткоўскі, — Саюз мастакоў быў на Цэнтральнай плошчы (цяпер Кастрычніцкая), дык паўплошчы было запоўнена. Пыталіся: „Каго хаваюць?“ — „Мастака“. — „Як так?!“ А вось былі часы, калі мастакі былі людзьмі».

Кніга, якую рыхтуе Ўладзімер Сьцяпан, будзе выглядаць як дзіцячы альбом для маляваньня. Задума такая: з аднаго боку разварота — малюнак, а з другога — тэкст Сьцяпана пра яго. Уладзімер спадзяецца, што кніга выйдзе ў наступным годзе ў выдавецкім доме «Звязда».

Сьцяпан просіць нагадаць, што ў Сяргея Каткова была яшчэ адна мара, дагэтуль не ўвасобленая.

«Ён вельмі хацеў, каб у Менску быў музэй дзіцячага малюнку. Дзеці пладавітыя. Купляць у іх малюнкі ня трэба. Экспазыцыю можна мяняць кожны месяц. А захоўваць гэта трэба. Дзякуй богу, што Сяргей Пятровіч сабраў гэтыя малюнкі. Калі б ня ён, то нічога б гэтага не было. Мы б ня ўбачылі, які быў Менск і як на яго глядзелі дзеці».

А галоўную вартасьць гэтай калекцыі Ўладзімер Сьцяпан фармулюе ў адным сказе:

«Мама самая любімая, горад самы прыгожы, настаўнік самы лепшы — так думаюць дзеці».