У Менску разьвіталіся са Зьмітром Сідаровічам

Your browser doesn’t support HTML5

У Петрапаўлаўскім саборы Менску адбылося разьвітаньне зь вядомым беларускім бардам, паэтам і музыкам Зьмітром Сідаровічам. Ён раптоўна памёр 18 траўня на 49-м годзе жыцьця.
Труна зь целам Зьмітра Сідаровіча ў Петрапаўлаўскай царкве стаяла для разьвітаньня ад раніцы. Адразу ж сюды пайшлі людзі зь бел-чырвона-белымі кветкамі. Адзін зь іх — археоляг Эдвард Зайкоўскі:

«Са Зьмітром мы знаёмыя зь сярэдзіны 80-х гадоў, разам былі ў „Талацэ“. Я памятаю ягоную бардаўскую творчасьць, якая прыцягвала ўвагу ўсіх неабыякавых да беларушчыны людзей. Таксама памятаю ягоную пазьнейшую творчасьць, калі ён стаў ужо дударом. Вельмі шкада, што такія людзі несвоечасова, яшчэ зусім маладымі паміраюць».

Апоўдні сьвятар Петрапаўлаўскай царквы айцец Мікалай па-беларуску адслужыў памінальнае набажэнства, узгадаўшы ў прамове самабытную музычна-сьпеўную творчасьць нябожчыка. Бард і музыка Тацяна Грыневіч непасрэдна супрацоўнічала са Зьмітром Сідаровічам:

«Зьміцер для нас быў як асьветнік: мяне змусіў зайграць на скрыпцы, а затым і сьпяваць бардаўскія песьні. Арганізаваў у „Жар-птушцы“ танцы — і музыкі зайгралі танцы, а беларусы навучыліся іх танчыць. А ўсё распачаў Зьміцер, які быў рухавіком і рухаў наперад усіх, хто быў побач зь ім».

Мовазнаўца і грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка кажа пра асаблівую ролю спадара Сідаровіча ў нацыянальным адраджэньні канца 80-х гадоў:

«Зьміцер Сідаровіч увасабляе сабой прыход да беларушчыны цэлага вялікага пакаленьня, якое шукала сябе ў цяжкой атмасфэры брэжнеўшчыны. Ён быў вельмі сьветлым, рамантычным, наіўным чалавекам у самым добрым сэнсе гэтага слова, якога Бог адарыў здольнасьцю дабудоўваць беларускую культуру цаглінкамі, якія зьніклі. Ён інтуітыўна адчуваў, меў такую фантастычную здольнасьць адчуць, чаго менавіта бракуе нашай культуры. Ён першы, хто пачаў вяртаць рыцарскую традыцыю. Дзякуючы яму вось гэтая сьветлая хваля беларушчыны як творчасьці ахапіла вельмі многіх людзей».

Сябры і паплечнікі ўжо рыхтуюцца ўшанаваць памяць Зьмітра Сідаровіча, захаваўшы ягоную творчую спадчыну. Гаворыць мастак Алесь Пушкін:

«Сабраліся беларусы, хто яго любіць, і вырашылі, што бліжэй да году патрэбны будзе помнік, які будзе замоўлены скульптару Алесю Шатэрніку. Ну, і кнігу выдаць з дадаткам лепшых песьняў Зьмітра Сідаровіча. Гэтыя песьні: „Тры жалуды“, „Ясна панна мая“, „Краіна талераў“ — гэта ж ужо нашая клясыка. Я вельмі, вельмі яго люблю, і для мяне гэта вялікая трагедыя».

У апошні шлях старадаўняй музыкай нябожчыка праводзілі таксама ягоныя паплечнікі-дудары. Пахавалі Зьмітра Сідаровіча на Заходніх могілках Менску.