«Нашы» ў Беларусі: між сваімі і чужымі войнамі

Севярын Квяткоўскі

Olga Erokhina распавядае пра чаргу аўтамабіляў на сьветлафоры ў цэнтры Менску, дзе разам з усімі стаіць і машына ДАІ, зь якой раптам гучыць праз мэгафон:

– «Шаноўны кіроўца «BMW»! У нашай краіне згодна правілаў дарожнага руху за перавозку пасажыраў адказвае кіроўца. Калі яшчэ раз той малады чалавек высунецца з вакна, вы будзеце аштрафаваны паводле законаў нашай краіны.

Мяркую, ня трэба тлумачыць, адкуль прыехала «BMW» :) І акцэнт на слове нашай прымусіў ганарыцца адначасова і даішнікам, і краінай».

***

Старэйшыя людзі ў Беларусі яшчэ блытаюцца ў панятку «наша краіна». Калі ўсё жыцьцё яна была «ад Буга да Курыл», відаць, нават за дваццаць зь лішкам гадоў цяжка прызвычаіцца, што краіна па памерах значна меншая. А яшчэ – што яна свая не фармальна (так сказалі з Масквы), а па-сапраўднаму.

Свая – з аднаго боку значыць аб'яднаная чымсьці адрозным ад іншых. Зь іншага – такая, дзе ты маеш нейкія правы, але і нясеш, прынамсі, маральную, адказнасьць за краіну.

Відаць, на пачатку незалежнасьці, каб ня блытаць сваю новую краіну са зьніклым СССР, Беларусь працягнулі зваць рэспублікай. Нават ў нацыянальна арыентаваных колах выконвалі гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі!», з радком «...жыцьцё Рэспублікі сваёй».

А якой Рэспублікі? З ДАІшнікамі мне зразумела. Яны празрыста намякалі гасьцям з Расеі, што тут іншая краіна, свае законы, і паводзіць сябе трэба як у гасьцях, а не ў сябе дома.

На кантрасьце гаспадары/госьці ўсё больш-менш на сваіх месцах: свая тэрыторыя, свае законы, свае грошы, дзяржсымболіка. А ўнутры краіны ці ёсьць падзел свае/не свае?

Ёсьць.

19 траўня 70-я ўгодкі перамогі ў бітве пры Монтэ-Касына ў Італіі. Адна з самых цяжкіх, працяглых і значных бітваў Другой сусьветнай, якую назвалі «Італьянскім Сталінградам». У бітве найважнейшую ролю адыгралі польскія жаўнеры генэрала Андэрса. А непасрэдна ў баях бралі ўдзел ня менш за 30% выхадцаў з Заходняй Беларусі, уласна, збольшага беларусаў.

У Беларусі не шануюць беларусаў-герояў Другой сусьветнай вайны, якія змагаліся з нацызмам не ў савецкай форме. Яны ня ходзяць (хто яшчэ можа) сьвяточнымі шэсьцямі 9 траўня. Пра іх калі і згадваюць у прэсе, то раз-пораз, мала і несыстэмна.

Бо ў адваротным выпадку трэба ламаць усю напрацаваную савецкай ідэалёгіяй сыстэму, дзе панятак «нашы» акрэсьліваўся недвухсэнсоўна. «Нашы» – гэта носьбіты бальшавіцкай/савецкай ідэалёгіі.

Нягледзячы на супольную з заходнім сьветам перамогу, дзень сьвяткаваньня адразу адасобілі. Вам, капіталістам, 8 траўня, а мы сабе возьмем 9-га. Каб не перакрыжоўвацца. Ідэалягічнага падзелу на пралетарыят і буржуяў даўно няма, а ўяўленьне пра «нашых» застаецца. Магчыма, усё глыбейшае?

«Вяртаньне сьвятыні» – пад такім тэгам падаецца матэрыял пра штандар Полацкага кадэцкага корпусу Расейскай імпэрыі на сайце «Беларускага саюзу сувораўцаў і кадэтаў».

З аднаго боку, у салдатаў-беларусаў не пыталіся, ці хацелі яны ваяваць за трон Раманавых, ці не. Зь іншага, гэта нашы людзі, продкі кагосьці з сучасных беларусаў, і заслугоўваюць пашаны.

Якім чынам сучасныя беларусы датычныя да традыцыяў трону дзьвюхгаловага арла Расеі? Калі гэта іх выбар, то пры чым тут цяпершчына і будучыня незалежнай Беларусі?

То бок, жывыя яшчэ беларусы, якія змагаліся з нацызмам у польскай форме – «ня нашы», а палеглыя сто і болей гадоў таму за Расейскую імпэрыю – «нашы»?

Я бачу дзьве катэгорыі войнаў, якія для беларусаў свае, а не чужыя. Вайна, калі ты бароніш сваю зямлю. І вайна, калі ты бароніш сваю цывілізацыю. Усе іншыя варыянты – чужая вайна, вымушаны ўдзел.

У Беларусі ў інфармацыйным полі ідзе вайна цывілізацый. Колькі не аддзяляй серп і молат ад дзьвюхгаловага арла, пераемнасьць між імі відавочная. Нездарма адносна хутка пасьля нападу Нямеччыны на СССР бальшавікі адмовіліся ад радыкалізму што да папярэдняй «буржуазна-арыстакратычнай» гісторыі, увялі ў агітацыйную работу імёны Суворава, Нахімава ды іншых вядомых расейскіх палкаводцаў.

Беларусь дагэтуль жыве ў прыдуманых іншымі каардынатах. Таму, напрыклад, засланы з Расеі бальшавіцкі дзяяч Аляксандар Мясьнікоў – «свой», і ў Менску нават ёсьць плошча ягонага імя. А беларусы з Войска Польскага – не «свае».

Пакуль мы можам бачыць тэндэнцыі цывілізацыйнага выбару на ваенным украінскім фронце. Калі час ад часу зьяўляецца інфармацыя пра беларускіх грамадзянаў, якія бяруць удзел ці на прарасейскім ці на ўкраінскім баку.

Я магу толькі здагадвацца, што ў крытычнай сытуацыі пераможа ў галовах большасьці беларусаў: адчуваньне «нашага» як агульнай зямлі і супольнасьці людзей. Ці цывілізацыйны выбар між Эўропай і дзьвюхгаловым арлом з, вобразна кажучы, сярпом і молатам у руках. Стары падзел, якому не адна сотня гадоў.

А магчыма, трэці – новы – варыянт нашай краіны. Варыянт, дзе можна будзе спалучыць сваё прыроднае ад зямлі зь лепшым хай сабе з «чужых войнаў».