Гарадзеншчына: чэргі па мяса

Нягледзячы на тое, што сьвежае сьвіное мяса апошнім часам падаражэла амаль на палову, у продажы пачаліся перабоі, асабліва ў раённых гарадках. Людзі зноў становяцца ў чэргі.
У гарадзенскіх супэрмаркетах і на рынку апошнім часам прыкметна зьмяніліся цэны на сырую сьвініну. Яны сягаюць ста тысяч і болей за кіляграм. Але ня толькі гэта выклікае нараканьні пакупнікоў — шмат хто незадаволены асартымэнтам. Пад калгаснымі крамамі, дзе цэны трохі ніжэйшыя, па сьвініну зьбіраюцца чэргі.

У раённых гарадах набыць сьвежую сьвініну яшчэ цяжэй. Жыхар Ліды спадар Мікалай кажа, што на рынку можна катацца на ровары, бо там удзень стаяць 2–3 гандляры, а ў крамах вярнуліся тыя часы, калі па сьвежую скварку ня проста неабходна загадзя станавіцца ў чаргу — трэба яшчэ і ведаць, у які дзень і час будзе завоз сьвініны:

«Ну вось у горадзе каля майго дому фірмовая крама мясакамбінату — там ёсьць сьвініна, але дарагоўля немагчымая. А да ўсяго яшчэ трэба чакаць прывозу. Вось калі я ведаю, што ў іх завоз, то тады іду ў краму, а інакш там таксама нічога ня возьмеш. На рынак таксама няма чаго ісьці, бо апошнім разам кіляграм сырога сала прадавалі па 70 тысяч. І гэта зразумела, бо на ўвесь павільён 3 чалавекі гандлююць».

У Вялікай Бераставіцы, паводле тамтэйшай жыхаркі спадарыні Марыі, са сьвежай сьвінінай даўно перабоі. Яна распавядае, што сьвежым мясам гандлюе рэальна адна крама з калгасу імя Варанецкага — і то завозы бываюць толькі 2–3 разы на тыдзень:

«Калі раней у краме не было, то набывалі ў прыватнага прадпрымальніка, а цяпер усіх сьвіней у іх панішчылі. А ў крамах у нас сьвініна бывае толькі ў той, што ад калгаса імя Варанецкага. Але і там калі прывозяць, то выстройваецца чарга і кожны бярэ вялікімі кавалкамі, каб даўжэй хапіла — вось як. Няма ў нас цяпер сьвініны, каб гэта пайшоў у любы час і свабодна купіў».
Няма ў нас цяпер сьвініны, каб гэта пайшоў у любы час і свабодна купіў
А найцяжэй набываць сьвініну — вяскоўцам, якія заўсёды пастаўлялі сьвежае мяса ў горад. У шмат якіх вёсках трымаць сьвіней дагэтуль забаронена, а ў крамах райспажыўсаюзу сырое сьвіное мяса папросту не прадаюць. У Івейскім раёне вяскоўцы мне распавядалі, што па сьвежую сьвініну езьдзяць альбо ў раённы цэнтар, альбо ў Ліду — гэта сама меней 20 кілямэтраў.

У мястэчку Альхоўка Астравецкага раёну, дзе жыве больш за 600 чалавек, спадарыня распавяла, што ў іх працуе толькі адна прадуктовая крама і сьвежай сьвініны там не прадаюць, а толькі паўфабрыкаты. То альхоўцы таксама мусяць езьдзіць за 20 км, каб набыць сьвежага мяса:

«Езьдзім у Варняны, гэта недзе кілямэтраў 20. Маглі б нам завозіць і з Ашмянскага мясакамбінату, і з Варнянаў — у нас жа каля 700 чалавек насельніцтва. Але, відаць, гэта нікому не патрэбна. А апошнім часам паўсюль неяк скупа стала ў крамах. Я была нядаўна ў Сьвіры, то там і мяса скупа, і каўбасаў скупа. Гэта, як людзі кажуць, вінаваты ЧС — чэмпіянат сьвету».

У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну спадар распавёў, што ўлады ўжо не забараняюць трымаць сьвіней. Але зьявілася новая праблема — як іх набыць і выгадаваць:

«Цяпер 2–2,5 мільёна каштуе толькі парачка малых парасят, а акрамя гэтага, вельмі дарагі камбікорм. А малых трэба карміць камбікормам. І таму выдаткі так узрасьлі, што старэйшым людзям, хто жыве толькі на пэнсію і нічога ня можа ў калгасе ўкрасьці, становіцца трымаць парасят непад’ёмна, па-навуковаму кажучы — нерэнтабэльна».