Вайцюшкевіч. Пясьняр з «чорнага» сьпісу

Your browser doesn’t support HTML5

Зьміцер Вайцюшкевіч, канцэрт у Магілёве

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч паехаў па гарадах Беларусі з турам паўпадпольных канцэртаў.
Ён прэзэнтуе свой новы альбом беларускага шансону «Варанок».

«Варанок» стаўся вынікам супольнай плённай працы з паэтам Генадзем Бураўкіным. Пасьля канцэрту ў Гомелі са сьпеваком пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Зьміцер, сваім «Варанком» вы з Генадзем Бураўкіным ці не распалохаеце і без таго вельмі абачлівую беларускую грамаду? Вельмі ж нейкім змрочным лёсам вее ад назвы. Або ў вас была нейкая іншая мэта — «абеларусіць» некаторыя праявы нашага жыцьця?

— Ідэя «Варанка» належыць Генадзю Мікалаевічу, і яна заключалася ў тым, каб сапраўды нейкія пэўныя зьявы, якія ёсьць у нашым грамадзтве, зрабіць беларускімі. Вялікая частка людзей пра гэта гаворыць, абмяркоўвае. І калі нехта кажа, што на беларускай мове нельга нешта там выказаць ці зрабіць якасна, то мы гэта робім. Гэта ня песьні супраціву культурнай экспансіі, гэта — наша слова ад імя шматлікіх беларускіх нявольнікаў, якія пабывалі за кратамі, шмат перацярпелі. Любая тэма можа гучаць па-беларуску цікава, дасьціпна і годна. У нас наагул мала ідэяў увасабляецца па-беларуску, а так хочацца, каб яны былі і ажыцьцяўляліся менавіта гэтак.
Я помню той начны званок,
Сырэны міліцэйскай рэха.
Ну што ж ты лёс мой, варанок,
Так нечакана пераехаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Зьміцер Вайцюшкевіч. «Варанок». Словы Генадзя Бураўкіна



З выступу Вайцюшкевіча перад публікай:

Вокладка альбому

«Задача была такая: паміж Усходам і Захадам знайсьці сваё месца, паміж расейскімі блатнымі песьнямі і францускімі лірычнымі. „Варанок“ — ён наш, бо ў ім ёсьць і асобныя крымінальныя, і шчымліва-іранічныя гісторыі. Варанок „у натуры“ — гэта невялічкі аўтазак. І скажу вам, што зараз вельмі модны ў Эўропе падарунак зь Беларусі — не хакеіст, а мініятурны аўтазак-магніцік. Я такія бачыў у сяброў у Бэрліне, Стакгольме.

Некаторыя нашы грамадзяне наагул баяцца размаўляць на тэму турмы, сьмерці. Мы з Бураўкіным размаўляем. Але альбом ня мае дэпрэсіўнай скіраванасьці, ён — спроба пагаварыць і пра такія рэчы. Асноўны ж пасыл праекту заключаецца ў наступным: хто можа — зрабіце лепш».


— У вашым рэпэртуары багата песень, напісаных на вершы беларускіх клясыкаў, цяперашніх, у прыватнасьці. На канцэрце вы сказалі, што бачыліся зь імі ўсімі, апрача Ўладзімера Караткевіча, які памёр у 1984 годзе — за восем гадоў да таго, як вы выйшлі на вялікую сцэну разам з гуртам «Палац». Чые вершы асабліва лёгка й мілагучна кладуцца на мэлёдыю?

— З Генадзем Бураўкіным мы выдалі два песенныя альбомы. Па сутнасьці, два альбомы зрабілі мы і з Уладзімерам Някляевым — надзвычай багата напісана песень разам. Тут нейкая адмысловая экспэртыза патрэбна, бо і верш, і песьня — гэта настрой.

Скажу так: у мяне рана ня стала бацькі, таму нашы клясыкі — старэйшыя і маладзейшыя — яны нейкім агульным сваім вобразам, словам, парадамі і, натуральна, вершамі зрабілі для мяне такі своеасаблівы бацькоўскі ўнівэрсытэт. З Караткевічам наяве ня бачыўся, але зь ягоных вершаў я пачарпнуў, як трэба любіць Радзіму. У сьветлай памяці Рыгора Барадуліна даведаўся, як трэба ставіцца да слова і паглыбляцца ў яго — і якія там могуць быць невычэрпныя гарызонты. У Бураўкіна — гэта шчырасьць, дасьціпнасьць, такія наскія. У Някляева — грамадзянскасьць, гумар, бунтарства.

Каб распавесьці пра кожнага майстра слова, гэта вельмі шмат часу патрэбна.

— Зьміцер, вы пажартавалі перад гамельчукамі, што ў 2030 годзе вас запросяць на «Славянскі базар», і Алена Сьпірыдовіч з шырокай такой усьмешкай назаве ваша прозьвішча. Ну, а пакуль вы ў «чорным сьпісе» Міністэрства культуры Беларусі. Як вам пачуваецца ў гэтым зусім ня сонечным рэестры? Вам, беларускаму песьняру й музыку?

— Нічога добрага ў гэтым я ня бачу, і для агульнай сытуацыі таксама. Напрыклад, у такім горадзе, як Гомель, трэба выступаць мінімум два разы на год. Прычым у лепшых залях і з аркестрам, каб людзі ведалі, што ёсьць беларуская песьня, якая, у тым ліку і ў маім выкананьні, гучыць прыстойна. І дзяржава такія сустрэчы павінна заахвочваць, калі яна хоча мець нацыянальную ідэю. Пра ўсё астатняе — нейкія там псыхалягічныя крызісы — то я спадзяюся, што яны мінулі. Вельмі цяжка жыць у Беларусі і не сьпяваць для беларусаў, для сваіх людзей. Падпольшчына мае свае плюсы й мінусы, але больш, вядома, мінусаў.

Пасьляканцэртны здымак на памяць з прыхільніцамі творчасьці


— На ваш погляд, чаму беларускае слова, беларуская песьня афіцыйна ў нас уладамі не шануюцца?

— Ня ведаю, трэба пытацца ў тых, хто кіруе працэсамі. З майго гледзішча, тут ёсьць дзьве вэрсіі. Першая: недапрацаванасьць выхаваўчая ў тых самых «вярхоў», якія не ўспрынялі ўсё гэта ў дзяцінстве. Не па-дзяржаўнаму сябе так паводзіць! Другая вэрсія — каляніяльная. Мы маем у Беларусі тое, што маем — той урад, тое стаўленьне да ўсяго беларускага.

У апошнім інтэрвію Рыгор Барадулін заяўляў, што галоўная загадка беларусаў палягае ў тым, што іх быццам бы зьнішчаюць, а яны ўсё роўна не даюць абкрасьці душу. Дзядзьку Рыгору часам нават здавалася, што «лепей было б, каб беларускую мову наагул забаранілі — тады б цікавасьць да яе была яшчэ большая. А так атрымліваецца, нібыта на марудным агні смажаць».

Па-мойму, час насьпеў, каб праз моўнае пытаньне ішло прымірэньне, ажыцьцяўлялася нацыянальная ідэя. І рабілася гэта не павольна, ня кропкава. А то напісалі на білбордах «ажыны», «кавун» — і гэта ўжо ў горадзе нібыта нейкая там беларусізацыя ідзе.

— Ці бывае ў вас адчуваньне, што і вы, і іншыя беларускамоўныя сьпевакі робіце для беларусізацыі нашмат больш, чым, скажам, цэлыя ўправы таго ж Міністэрства культуры?

— Да сваёй пэрсоны я не магу так патасна ставіцца, і я не засынаю з такімі думкамі. Кожны патрыёт Беларусі ўзроўню Кастуся Каліноўскага, Васіля Быкава, калі браць у такім глябальным сэнсе, ён сваё рабіў для Бацькаўшчыны. Са свайго боку, калі песьня нешта можа дадаць у агульную скарбонку, то, лічыце, і я сваё раблю. Магчыма, недзе недасканала, магчыма, перабіраю ці недабіраю з эмоцыямі, словамі, але раблю. Вось не было беларускага шансону — цяпер ён ёсьць. Зробяць іншыя лепей — калі ласка. Толькі каб быў рух, разьвіцьцё.

Падчас канцэрту ў Гомелі



— Вяртаючыся да вашага жарту з выступам на «Славянскім базары» — вы сапраўды хочаце там выступіць? Не ў 2030 годзе, вядома, а, напрыклад, ужо сёлета?

— Я б хацеў, каб на гэтым фэсьце быў сапраўдны беларускі дзень — не такі бесхрыбетны й невыразны, як там бываюць. Каб мы маглі пра сябе заявіць, сваё слова сказаць. Усе гэтыя братэрскія ідэі цяпер моцна дэвальвуюцца — на іх месца прыходзяць імпэрскія амбіцыі. Асабліва гэта бачна цяпер ва Ўкраіне. Мне гэта не падабаецца. Хацелася б, каб беларуская песьня гучала.

— Вы шмат езьдзілі па сьвеце са сваімі песьнямі — ад Францыі, Нарвэгіі і ажно да Японіі. Працавалі плённа з польскімі музыкамі. Цяпер ствараеце «Чэскі альбом». Што беларусы пабачаць у гэтым альбоме?

— Мы мала шануем сваё і цікавімся іншым — я маю на ўвазе шырокую грамаду. Таксама 9-мільённая Чэхія можа рабіць добры легкавік, быць фундатарам чэмпіянатаў, увасабляць вялікія ідэі ў жыцьцё і быць адной з цэнтральных і найцікавейшых краінаў Эўропы. Таму я й зьвярнуўся да Чэхіі.

— Зьміцер, апошнім часам вы выступаеце больш з сольнымі канцэртамі, а ня з гуртам. Чаму?

— Гэта вынік безабароннасьці. Аркестар існуе, мы запісваем альбомы. Але каб выехаць разам на канцэрт, патрэбна матэрыяльная падтрымка. У гэтым загваздка. Усе мы, і я асабіста, у добрай творчай і фізычнай форме.

Наш аркестар ня горшы за «Аркестар крэольскага танга» Андрэя Макарэвіча.

Спадзяюся, што й забароны ўсе хутка будуць зьнятыя, не чакаючы 2030 году.