Хакейны заўзятар: Рэвалюцыя рэвалюцыяй, а хакей — паводле раскладу

Your browser doesn’t support HTML5

Айварс Саўскайс (Aivars Sauskājs)

Грамада хакейных заўзятараў з Латвіі — адна з самых шматлікіх на менскім чэмпіянаце сьвету. Што ведаюць паўночныя госьці Беларусі пра беларускіх палітвязьняў, як складаюцца адносіны з фанатамі камандаў-суперніц і ці падабаецца ім беларускае піва?
Вэтэран заўзятарскага руху Латвіі Айварс Саўскайс даўно вядомы ў хакейных колах пад мянушкай Aivarino. Наведаўшы багата ўсясьветных спаборніцтваў у розных частках сьвету, ён кажа, што першыя ўражаньні ад менскага чэмпіянату станоўчыя:

«Ужо пры ўезьдзе ў Беларусь усё прыемна зьдзівіла: далі бірачку з надпісам „Чэмпіянат сьвету-2014“, усталявалі на машыну, хуценька правялі. Калі ўсе астатнія, хто па візах, стаялі ў агульнай чарзе, то нас перанакіравалі ў адмысловы калідор. Мяжу прайшлі без аніякіх праблемаў. Ніхто нічога моцна не глядзеў, багажнік толькі адчынілі, зірнулі — і ўсё. Там жа адразу выдалі памяткі, што ня трэба плаціць за дазвол на праезд па платных дарогах. Усё, што дзесьці робіцца, арганізавана на добрым узроўні. Прынамсі, для нас усё пачалося з прыемных уражаньняў».

У Рызе Айварс Саўскайс валодае прадпрыемствам, якое забясьпечвае VIP-перавозкі падчас фэстывалю «Новая хваля» ў Юрмале. Гаворыць, што адчуваньне сьвята, толькі спартовага, ёсьць і ў Беларусі:

«Ужо пад’яжджаючы да Менску, адразу бачыш, што тут рэальна праходзіць хакейнае сьвята. Сапраўды, і горад расфарбаваны, і транспаранты розныя вісяць, адчуваецца, што краіна жыве хакеем. Калі згадваць, што апошнім часам было ў Стакгольме, у Хэльсынкі, то гэта проста жах нейкі. Я быў і там, і там, а раней быў і ў Канадзе, і ў іншых краінах. Не параўнаць нават. Бадай, з адносна нядаўніх першынстваў вельмі добрыя ўражаньні засталіся ад Браціславы. А ўсё астатняе, куды мы езьдзілі, пакідала, як кажуць, не найлепшы асадак».

Цікаўлюся ў суразмоўцы: ці ведае ён што пра татальныя «зачысткі» перад менскім чэмпіянатам сьвету, як было перад Алімпіядай-1980 у Маскве? Больш за тры дзясяткі палітычных актывістаў кінулі за краты, а бамжоў і жанчын найдаўнейшай прафэсіі схавалі ад граху далей:

«Кшталту на 101-шы кілямэтар? (Сьмяецца.) Сумняюся ў падобнай эфэктыўнасьці. Бо хто захоча „замовіць“ тую прастытутку, дык ён яе і так знойдзе. А астатняе? Я ў палітыку надта не заглыбляюся, мяне гэта мала цікавіць. Але саджаць людзей — гэта ўжо занадта. Ды хай яны гавораць што хочуць, чаго тут баяцца?»

Латышы ў горадзе (фотарэпартаж)


У перапынках паміж матчамі сваёй зборнай латышы тусуюцца ў так званай зоне гасьціннасьці ля Палаца спорту. Па адным баку тратуара тут усталяваныя гандлёвыя палаткі з традыцыйным шашлычна-піўным наборам, з другога ідуць шэрагі столікаў. Заўзятары кажуць, што і рады былі б паглядзець на вялікіх экранах матчы з удзелам іншых камандаў, але арганізатары такой магчымасьці чамусьці не прадугледзелі:

«Адзінае, што я лічу мінусам, дык гэта адсутнасьць жывой трансьляцыі ля арэнаў. Там зазвычай зьбіраецца шмат народу — хтосьці загадзя прыйшоў на гульню, хтосьці ўвогуле ня трапіў, бо не дастаў квітка альбо ня можа яго сабе дазволіць па такіх коштах — і там лёгка маглі ўсталяваць вялікія экраны. Нават я, ідучы на сваю гульню, прыходжу раней, каб элемэнтарна пахадзіць, патусавацца. Калі паралельна паказваюць нейкую іншую гульню, я пад карцінку магу пасядзець, піўка папіць, паглядзець на вялікім экране, як гуляюць іншыя. Тут, мне здаецца, невялікая недапрацоўка».

Карэспандэнт: «Нібыта гэтак Міжнародная фэдэрацыя хакею параіла, каб запоўніць трыбуны... А на першынстве 2006 году ў Рызе ўсё гэта было?»
Хтосьці сядзіць на трыбуне, хтосьці пад піва назірае з экрану. Ня думаю, што трэба ўсіх заганяць пад дах
«Ня ведаю, чаму так, бо ў Рызе паўсюль намёты стаялі, віселі вялікія тэлевізары, шмат было месцаў для калектыўнага прагляду. Каля арэны была ўсталяваная вялізная фан-палатка. Калі ўзяць тую ж самую Браціславу, там аграмадная арэна, такая ж, у прынцыпе, як і ў вас, вялікай зьмяшчальнасьці. І было шмат людзей, якія з розных прычынаў не маглі трапіць на гульні. За арэнай абсталявалі невялічкі стадыёнчык кшталту футбольнага поля, куды прыходзіла глядзець хакей на вялікіх экранах тысячы тры народу. Рэальна вельмі шмат было людзей, бо там жа прадавалі піва, каўбаскі, нармальна чалавек мог і паглядзець, і адпачыць. Хтосьці сядзіць на трыбуне, хтосьці пад піва назірае з экрану. Ня думаю, што трэба ўсіх заганяць пад дах».

Як латыскія заўзятары кантактуюць з расейскімі? На тле падзеяў ва Ўкраіне навязьлівая ідэя Крамля «ўратаваць» расейскамоўных тычыцца і Латвіі, дзе ад савецкіх часоў застаецца нямала этнічных расейцаў:

«Цяжка казаць за ўсіх, але ў асноўным паважлівыя адносіны. Ёсьць шмат хлопцаў, якіх мы добра ведаем яшчэ з папярэдніх чэмпіянатаў. Асабіста мне неяк бяз розьніцы, бо кожны чалавек мае права перажываць за сваю каманду, за сваю краіну. Палітыка палітыкай, а спорт спортам. Лічу, што штучна іх супрацьпастаўляць ня трэба. Прынамсі, у нас палітычныя тэмы не ўздымаюцца. Мы прыехалі глядзець хакей, а не займацца палітыкай, высьвятленьнем адносінаў, ня кажучы ўжо пра нейкія войны. Непатрэбна гэта. Быў я, дарэчы, і ў Данецку на плэй-оф КХЛ 8 сакавіка, потым ляталі ў Браціславу, куды перанесьлі гульні ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне. Як я кажу ў гэтым выпадку, рэвалюцыя рэвалюцыяй, а хакей — паводле раскладу».

Латыская заўзятарская грамада — адна з самых шматлікіх у Менску, саступае яна хіба што расейскай. Самі латышы кажуць пра 7–8 тысяч суайчыньнікаў, але калі зборная Латвіі пройдзе па дыстанцыі, не выключаюць, што скораць і 10-тысячны паказьнік:

«Ня выключана, што, можа, на выходныя яшчэ падцягнуцца. Але, у прынцыпе, гэта ўжо вялікая колькасьць гледачоў, скажам так, вельмі добрая лічба. Звычайна ад іншых краінаў 2–3 тысячы езьдзіць, але ў нас рэальна шмат. На адной гульні з удзелам Латвіі абвяшчалі, што было 11 200 гледачоў, дык максымальна 7–8 тысяч было нашых, гэта сто працэнтаў. А калі раптам каманда выйдзе далей, то ўсе ўсё кінуць і сюды прыедуць. Я тут таксама папярэдне да 20 траўня, але калі пашчасьціць і мы рушым далей, то, як кажуць, застаёмся да перамогі. Раз ужо прыехалі, то няма куды ўцякаць».
Ну, нічога, нармальнае піва
Навацыя, якая прывяла ў шок аматараў піва — забараніць на ўвесь час чэмпіянату сьвету любы іншы ячменны напой, апроч беларускага. Як піўную рэвалюцыю ацэньваюць латыскія заўзятары, звыклыя да свайго піва, якое небеспадстаўна лічыцца адным з найлепшых у Эўропе? Хакейны фанат Айварс Саўскайс прызнаецца, што некаторыя гатункі забракаваў, але збольшага «піць можна»:

«У прынцыпе, можа, гэта і правільна — улады абараняюць свой рынак, прапануюць замежнікам паспытаць свайго. Тым больш такое спажываньне піва, як будзе гэтымі днямі, у бліжэйшай будучыні наўрад ці паўторыцца. То бок ня будзе такой масы людзей, якая ўжо прыехала і яшчэ падцягваецца. Так што крок, мабыць, правільны. Прынамсі зь іх гледзішча».

Карэспандэнт: «Вы ўжо пару дзён дэгустуеце. Як беларускае на смак пасьля латвійскага?»

«Ну, нічога, нармальнае піва. Я так па назвах ня памятаю, якія канкрэтна гатункі, але было, якое мне не спадабалася (прынцыпова не люблю пшанічнага), а сьветлае на разьліў — цалкам нармальнае піва».