Лечкамісію аддадуць гораду. Для Лукашэнкі пабудуюць новы мэдцэнтар

Аляксандар Лукашэнка даручыў разгледзець пытаньне аб перадачы будынка Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта на балянс сталічных уладаў.
Гэтая тэма абмяркоўвалася падчас дакладу кіраўніку дзяржавы па пытаньні забясьпечанасьці сталіцы бальнічнымі месцамі, перадае Інтэрфакс.

«Гораду патрэбна бальніца. Немалая бальніца. Я, вядома, вельмі акуратна і асьцярожна стаўлюся да будаўніцтва новых бальніц, трэба было б нармальна загрузіць існуючыя, але тым ня менш», — заявіў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі прэзыдэнцкай прэс-службы, у якасьці аднаго з варыянтаў прапануецца разгледзець перадачу гарадзкім уладам будынку Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, што ў цэнтры Менску, і ўзьвядзеньне новага, больш кампактнага будынку для лечкамісіі ў прыгарадзе.

«У нас ёсьць так званая прэзыдэнцкая бальніца ў падпарадкаваньні Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Таму, каб не будаваць новыя лякарні, мы б маглі гэтую махіну перадаць гораду, а пабудаваць невялікі клінічны цэнтар для выкананьня тых функцыяў, якія сёньня выконвае бальніца пры Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, пабудаваць дзе-небудзь пад горадам ці ў горадзе адпаведную бальніцу», — сказаў Лукашэнка.

«Гэта было б нашмат таньней для краіны: мы аддаём Ладуцьку гэтую бальніцу, а замест яе, каб горад не марнаваў там 500 мільёнаў даляраў на будаўніцтва новай бальніцы, маглі б у пяць разоў таньней пабудаваць невялікі кампактны цэнтар», — сказаў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў далажыць аб прапрацоўцы гэтага пытаньня, пра кошт будаўніцтва, а таксама пра месца, забудоўшчыка і тэрміны.