Зь віцебскай турмы вызвалілі палітвязьня Гайдукова

Андрэй Гайдукоў

Вызваленьне з калёніі «Віцьба-3» палітвязьня Андрэя Гайдукова стала сапраўднай спэцапэрацыяй, арганізаванай з мэтай не дапусьціць ягоную сустрэчу ля турэмнай брамы.
Андрэю Гадукову загадалі пачаць зьбіраць рэчы а 6 раніцы, хоць звычайна з калёніі выпускаюць аб 11-й, а 7-й яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, адвезьлі на вакзал у Віцебску, далі 20 тысяч рублёў, каб ён змог даехаць да сваякоў.

Такім чынам каля турэмнай брамы яго сустрэць не ўдалося. Карэспандэнту Свабоды ўдалося пагутарыць з Гайдуковым толькі па тэлефоне. Цяпер Андрэй у Віцебску, празь нейкі час зьбіраецца ехаць дадому ў Наваполацак. Андрэй абяцаў даць Свабодзе неўзабаве першае інтэрвію на волі. А тым часам па тэлефоне ён заявіў, што лічыць сваю крымінальную справу цалкам цалкам сфальшаванай, зазначыў, што гэта была правакацыя супраць ягонай арганізацыі.


8 лістапада 2012 году Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ.

13 лістапада 2012 году Камітэт дзяржбясьпекі распаўсюдзіў інфармацыю пра спыненьне супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Беларусі, які займаўся на заданьне замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. У дачыненьні да затрыманага была заведзена крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці).

1 ліпеня 2013 году яго асудзілі паводле крымінальнага артыкулу «замах на ўстанаўленьне грамадзянінам Рэспублікі Беларусь супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове з выведвальным органам замежнай дзяржавы пры адсутнасьці прыкметаў здрады дзяржаве» на 1,5 году пазбаўленьня волі.

Your browser doesn’t support HTML5

Андрэй Гайдукоў пра сваё затрыманьне і вызваленьне