Украіна: выбары ва ўмовах неабвешчанай вайны

Віктар Каспрук

Украінскае грамадзтва настолькі палітызаванае, што нават і ня трэба агітацыйных кампаніяў, зазначыў Свабодзе кіеўскі экспэрт Віктар Каспрук.
Украінскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што стан неабвешчанай вайны з Расеяй настолькі палітызаваў украінскае грамадзтва, што кандыдатам нават няма патрэбы праводзіць паўнавартасную выбарчую інфармацыйную кампанію — людзі не прамяняюць магчымасьць паўдзельнічаць у вызначэньні лёсу краіны на лішні дзень на лецішчы. Разам з тым палітоляг адзначае, што ў выпадку палітычнай дамоўленасьці паміж двума лідэрамі рэйтынгу кандыдатаў на прэзыдэнцтва — Парашэнкам і Цімашэнкай — украінскае грамадзтва пазьбегла б сытуацыі раздвоенасьці сярод прыхільнікаў эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

— Віктар Арсенавіч, праз два з паловай тыдні ва Ўкраіне пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Чаму няма гучных інфармацыйных кампаніяў, дэбатаў паміж кандыдатамі, заяваў — тых стандартных складнікаў любой палітычнай кампаніі, якія шмат у чым вызначаюць вынікі галасаваньня?

— Гэтыя выбары ўнікальныя сярод усіх папярэдніх, якія праводзіліся на працягу 23 гадоў незалежнасьці ўкраінскай дзяржавы. Мы знаходзімся ў стане неабвешчанай з боку Расеі вайны. Таму зразумела, што калі зараз на ўсходзе краіны адбываюцца баі з удзелам тэрарыстычных фармаваньняў, засланых Расеяй, немагчыма правесьці паўнавартасную агітацыйную кампанію ў рамках выбарчага працэсу нават у тых абласьцях, дзе такіх падзеяў няма. Зь іншага боку, як паказваюць сацыялягічныя дасьледаваньні, выбарнікі вызначыліся са сваімі прыярытэтамі, дакладна ведаюць, за каго хочуць прагаласаваць. Уся сытуацыя з тэрарыстычным нападам расейскіх баевікоў пэўным чынам карэлюе выбарчы працэс. Заходнія краіны цьвёрда заявілі, што яны падтрымліваюць правядзеньне выбараў і паспрыяюць, каб яны адбыліся належным чынам. І таксама ўжо цяпер наперад зразумела, што Расея не прызнае гэтых выбараў. Але калі выбары прызнае большасьць дэмакратычных краін сьвету, то думка Расеі ня будзе галоўнай.

— Абодва лідэры прэзыдэнцкай гонкі — палітыкі праэўрапейскага толку. Ці не было б лепш, каб яны аб’ядналіся і разам супрацьстаялі прадстаўніку Партыі рэгіёнаў?

— Ёсьць два бясспрэчныя лідэры — Пётар Парашэнка і Юлія Цімашэнка. Відавочна, што калі б Віталь Клічко ня зьняў сваю кандыдатуру, у выбарах магла б быць сур’ёзная інтрыга. Цяпер бачна, што тыя, хто падтрымлівае лідэра перадвыбарчай гонкі Парашэнку, робяць гэта найперш таму, што ён раней ніколі не кандыдаваў на прэзыдэнцтва. Хутчэй за ўсё, Юлія Цімашэнка не чакала такой рэакцыі ўкраінцаў, перабольшваючы свае магчымасьці. Я б мог параіць гэтым двум выбітным палітыкам яшчэ на апошнім этапе падрыхтоўкі да выбараў дамовіцца паміж сабой, каб не ствараць вялікай канфрантацыі, а разьмеркаваць свае абавязкі наступным чынам: Цімашэнка — прэм’ер-міністар, Парашэнка — прэзыдэнт. Тады б мы мелі вельмі моцны тандэм, які б спыніў сытуацыю пэўнай раздвоенасьці ва ўкраінскай палітыцы. Магчыма, такія перамовы вядуцца ў закрытым фармаце, аднак публічнай інфармацыі пра дамоўленасьці няма.

— Ці не паўплывае адсутнасьць актыўнай інфармацыйнай кампаніі на яўку выбарнікаў?
Нават тыя, хто ў мірных умовах праігнараваў бы выбары і паехаў на лецішча, у лес ці на рэчку, зараз абавязкова прыйдуць на ўчасткі


— Такія рэчы заўсёды складана прагназаваць. Але я магу сказаць, што зараз адбываецца велічэзны пад’ём самасьвядомасьці ўкраінскай нацыі. Таму нават тыя, хто ў мірных умовах праігнараваў бы выбары і паехаў на лецішча, у лес ці на рэчку, зараз абавязкова прыйдуць на ўчасткі. Таму што ўсе разумеюць, што колькасьць прыходаў выбарнікаў на выбарчыя ўчасткі будзе ўплываць на легітымнасьць абранага прэзыдэнта. Я думаю, што шмат людзей, якія раней прахалодна ставіліся да палітыкі і лічылі, што ўсё вырашыцца і бязь іх, зараз падумаюць, што іх абавязак — быць на выбарах.

— Як будуць праходзіць выбары ў Данбасе? І як паўплывае няўдзел яго жыхароў на легітымнасьць вынікаў выбараў?

— Складанае пытаньне. 11 траўня плянуецца «рэфэрэндум» у Данецкай і Луганскай абласьцях, і ў сувязі з гэтым прадстаўнікі так званай Данецкай народнай рэспублікі ўжо заклікаюць расейскіх міратворцаў на гэтую ўкраінскую тэрыторыю. Таму ня выключана, што Ўкраіна ня зможа ва ўсіх раёнах Луганскай і Данецкай абласьцей гарантаваць спакойнае правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў. Але нават калі частка раёнаў у гэтых абласьцях ня возьме ўдзелу ў выбарах, а частка — возьме, выбары ўсё роўна можна будзе прызнаць легітымнымі. А што Расея загадзя не зьбіраецца іх прызнаваць, то пункт гледжаньня расейскага кіраўніцтва і асабіста Ўладзімера Пуціна нас проста не павінен цікавіць. Таму што яны ствараюць нам сытуацыю нестабільнасьці, а пасьля кажуць, што з-за гэтай нестабільнасьці выбары будуць прызнаныя нелегітымнымі. У такім разе такі палітычны партнэр нам не патрэбны і прыслухоўвацца да ягонай думкі няма сэнсу. Мы мусім дзейнічаць адэкватна таму, што робіць Расея. Сёньня пачалася антытэрарыстычная кампанія ў адным з рэгіёнаў Каўказу, што пацьвярджае, што Расея мае шмат сваіх праблемаў. І я думаю, што хутка яна зразумее, што такія ўмяшаньні ва ўнутраную сытуацыю, як гэта адбываецца ва Ўкраіне, могуць справакаваць яшчэ большае напружаньне на Каўказе і, магчыма, прывядуць да выбуху сытуацыі яшчэ і там.