Мацак ад Дамашэвіча, або Нацыяналіст у кубе

Акурат перад Вялікаднем я атрымаў на пошце бандэроль з Горадні — ад Дануты Бічэль. Са шчыльнай пакоўкі вылузнуліся два асобнікі яе новай кнігі «Правінцыя сьвятога Францішка». Адзін я мусіў пакінуць сабе, а другі — адвезьці Ўладзімеру Дамашэвічу. Два дні датэлефаноўваўся і, пачуўшы нарэшце ў слухаўцы слабы голас, які нібы даносіўся з накрайсьветнай далечы, зразумеў, што гэта якраз той выпадак, калі адклад не ідзе ў лад.

У дзьверы званіў таксама доўга. Гаспадар кватэры выглядаў зблажэлым, рухаўся марудна, накульгваючы і праз кожныя тры крокі прыпыняючыся. З гадзіну мы прагаварылі, ён не адпускаў мяне, чамусьці павёў па ўсёй прасторнай, даўно не прыбіранай кватэры. На пісьмовым стале перабраў стосік запыленых кніг і нечакана ўзяўся расхвальваць раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» Алега Лойкі.

Найдаўжэй мы прыпыніліся каля стэлажоў, на якіх, шчыльна пашыхтаваўшыся, стаялі сотні і сотні сшыткаў з узорамі велікодных пісанак. Калекцыя засталася пасьля нябожчыцы-жонкі, якая ў мастацтве росьпісу тых пісанак папросту ня мела сабе роўных. Стварыла больш за 250 000 (!) непаўторных узораў — і ўсе ў беларускай традыцыі, у адпаведных колеравых гамах. Нейкі замежны музэй хацеў набыць усю калекцыю гуртам, але мастачка не згадзілася. І вось пыляцца тыя пісанкі, не патрэбныя нікому...

У калідоры вісеў ці не пазалеташні насьценны каляндар. «Дык цяпер жа і няма іх, беларускіх», — неяк зьмірэнна прамовіў Уладзімер Максімавіч. Я паабяцаў неўзабаве прывезьці — сёлетні, беларускі, паэтычна-міталягічны — з Барадуліным-Дамавіком, Бураўкіным-Баем, Вярцінскім-Жыжалем...

На разьвітаньне Ўладзімер Дамашэвіч прынёс з кухні і літаральна ўпіхнуў мне ў кішэню чырвонае яйка. Сказаў — традыцыя, валачобнае, і адмаўляцца нельга.

Паехаўшы назаўтра на Зэльвеншчыну, я тым Дамашэвічавым чырвоным яйкам на дзіва ўсім размалаціў біткі братоў, швагерак і пляменьнікаў. Аказалася, Уладзімер Максімавіч узычыў мне сапраўднага мацака! Ажно шкада было яго на закусь пускаць.

Дамашэвіч і сам быў як той мацак. З выгляду далёка не асілак, сіла ягоная была не ў цягліцах, а ў душы. Здавалася, яго трымала і не дазваляла згінацца нейкая здаровая беларуская сарцавіна. Міналі дзесяцігодзьдзі, а сарцавіна тая ніякага шашалю не баялася, толькі мацнела.
Змагацца за беларушчыну Ўладзімер Дамашэвіч вучыўся з маленства. Меў за прыклад роднага дзядзьку, якога польскія ўлады як upartego Białorusina кінулі ў турму
Змагацца за беларушчыну Ўладзімер Дамашэвіч вучыўся з маленства. Меў за прыклад роднага дзядзьку, якога польскія ўлады як upartego Białorusina кінулі ў турму. Савецкая ўлада ў 1939-м нібы выпусьціла на волю, як аказалася — дужа кароткачасовую. Словам, дзядзька на ўласнай скуры спазнаў праклён міжваеннага часу: каб цябе дэфэнзыва пасадзіла, а НКВД вызваліла...

Пляменьнік наўсьлед дзядзьку за беларушчыну ў турму і ГУЛАГ, на шчасьце, ня трапіў, хоць цемрашалам прыўладным заўсёды гаварыў праўду ў вочы. Беларуская сарцавіна не дазваляла шапкаваць і дзякаваць за клопат партыі, як тое рабілі абляўрэачаныя калегі-пісьменьнікі, пабліскваючы з трыбунаў зоркамі герояў. Дамашэвіч ляўрэатам ня быў. Ён быў упартым беларусам. Як дзядзька.

Беларуская сарцавіна не давала яму зламацца ў гэтак званым Галоўліце, дзе ён бараніў ад цэнзуры аповесьць Васіля Быкава «Жураўліны крык». Рэдактар-абаронца — ці многа мы такіх ведаем? Ціхмяны, нешматслоўны і, здавалася, пастаўлены на месца Дамашэвіч вяртаўся з Галоўліту ў выдавецтва, падпісваў крамольную аповесьць у друк і, не чакаючы, пакуль яна сустрэнецца з варштатам Скарыны, пісаў артыкул у падтрымку аўтара. Да канца сваіх дзён Быкаў успамінаў удзячным словам свайго рэдактара-абаронцу.

Беларуская сарцавіна спружыніла ў ім напорнай сілай кожнага разу, калі хтосьці замахваўся на беларушчыну ці беларусаў, калі пад пагрозай апынаўся нацыянальны гонар. Так Уладзімер Дамашэвіч адным зь першых выступіў у абарону моладзі, зьбітай «аўганцамі» ў Траецкім прадмесьці ў красавіку 1986-га. Увогуле, ён любіў маладых, апекаваўся імі. Быў заснавальнікам фонду дзеля іх падтрымкі, які ў няпросты час праіснаваў гадоў пяць і дапамог многім пачаткоўцам.
Уладзімер Дамашэвіч адным зь першых выступіў у абарону моладзі, зьбітай «аўганцамі» ў Траецкім прадмесьці ў красавіку 1986-га


Беларуская сарцавіна не давала яму адседжвацца ў зацішным кутку на пісьменьніцкіх пленумах і зьездах. Вострыя дамашэвічаўскія выступы перадрукоўваў нью-ёрскі «Беларус», яны неаднойчы агучваліся на Радыё Свабода. На тых пісьменьніцкіх форумах, як правіла, чыталіся даклады пра дасягненьні, падлічвалася колькасьць выдадзеных за пяцігодку «мнагатомных, мнагатонных і манатонных эпапей». Выходзіў за трыбуну Ўладзімер Дамашэвіч і ціхім голасам праўды заглушаў звон фанфараў.

Вось колькі вытрымак зь ягонага выступу на ІХ зьезьдзе СП БССР у 1986 годзе:
«На нашых вачах робяцца справы, за якія нас нашы нашчадкі праклянуць... Мы сваімі рукамі робім нацыянальную пустэльню... Мы бяз бою аддаем тое багацьце, якое нашы продкі зьбіралі па каліўцу, па макулінцы, зьберагалі ад чужынцаў, за якое паміралі сотнямі і тысячамі, за якое ішлі на катаргу і шыбеніцу».

Тады яшчэ на пісьменьніцкія зьезды прыходзіла ўлада — сакратары ЦК КПБ, міністры, і Дамашэвічу было да каго зьвяртацца. Ён і зьвяртаўся — сакратарам аж млосна рабілася:
«Калі я гавару дома, на рабоце, на вуліцы, у краме па-беларуску — мяне называюць нацыяналістам. Калі я хачу, каб на роднай мове гаварылі ўсе беларусы, што жывуць у рэспубліцы, то я — нацыяналіст у квадраце. А калі, Божа барані, я хачу, каб па-беларуску навучыліся гаварыць усе, хто прыехаў да нас і даўно жыве ў Беларусі, то я — нацыяналіст у кубе».

Я добра памятаю, як «нацыяналіст у кубе» павярнуўся да прыціхлага прэзыдыюму і закончыў свой выступ зь цьвёрдасьцю Каліноўскага на лукішкаўскім эшафоце:
«Калі за беларускую мову будуць запісваць у чаргу на расстрэл ці ў турму — запішыце мяне першым!».

Не, усё ж нездарма улюбёным дэвізам Дамашэвіча быў паўстанцкі пароль: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Дык узаемна».

Зразумела, што цэкоўскія сакратары пасьля такіх выступаў рабілі пэўныя «аргвывады». Неяк я ў Нацыянальнай бібліятэцы зьняў з паліцы сьвежы нумар «Маладосьці» і натыкнуўся там на дзёньнікі Ўладзімера Дамашэвіча. Адзін з запісаў, датаваны жніўнем 1987 году, пачынаўся так:
«Сёньня занёс у выдавецтва „Мастацкая літаратура“ раман, напісаны 18 гадоў таму».

Маецца на ўвазе «Камень з гары», які ў выдавецтве праляжаў яшчэ два гады і праз два дзесяцігодзьдзі пасьля напісаньня нарэшце выйшаў у сьвет. Падобнае дадрукарскае выпрабаваньне часам (таксама дваццаць гадоў) выпала хіба раману «Леаніды ня вернуцца да зямлі» Ўладзімера Караткевіча. Дарэчы, маладога і задзірыстага празаіка Караткевіча ставіў на крыло таксама Дамашэвіч і нават падказаў назву для яго першай кнігі — «Блакіт і золата дня».

Сёньня ўжо мала хто зь менчукоў згадае, як некалькі гадоў пасьля адкрыцьця сталічнага мэтро па-беларуску рабіліся абвесткі толькі на адной станцыі — імя Якуба Коласа. І як менавіта Ўладзімер Дамашэвіч першым пачаў «біць у звона» — дамагацца поўнай беларусізацыі мэтрапалітэну. І дамогся.

Я часта сустракаў яго на незалежніцкіх (канец 80-х) і антылукашэнкаўскіх (другая палова 90-х) мітынгах. У сваёй нязьменнай бэрэтцы з Пагоняй ён звычайна стаяў дзе-небудзь збоку, ніколі ня пяўся да мікрафону, не ўсчынаў дыскусій у натоўпе. Але па ягоным рашучым позірку было відно — ён па-ранейшаму гатовы за беларушчыну хоць у турму, хоць пад расстрэл. Бог ня даў яму гэткіх выпрабаваньняў, сьветлым вясновым днём забраў да сябе. Відаць, і ў той, абавязковай для ўсіх нас будучай Беларусі, нацыяналісты ў кубе таксама патрэбныя.