На Радаўніцу беларусы і ўкраінцы сустракаюцца на адных могілках

З прыходам Радаўніцы дзесяткі тысяч грамадзян Беларусі едуць ў чарнобыльскую зону на могілкі, каб ушанаваць памяць родных і блізкіх, пахаваных на тутэйшых могілках.
Нават пасьля Чарнобылю былыя перасяленцы пакідалі запавет, каб іх адвезьлі на вечны спачын у роднае паселішча. Таму на Радаўніцу доступ на могілкі адкрыты нават у радыяцыйна-экалягічным запаведніку, куды ў звычайныя дні бяз пропуску не патрапіш.

Пасьля Чарнобылю вёску Гдзень Брагінскага раёну высялялі двойчы — у 1986 і 1991 гадах. Аднак тут і зараз «жывымі» застаюцца каля чатырох дзесяткаў падворкаў. Прыбіраць тутэйшыя магілы едуць і беларусы, і ўкраінцы. Бо многія пасьля катастрофы на ЧАЭС зьехалі на пастаяннае месца жыхарства менавіта ва Ўкраіну.

77-гадовы жыхар Гдзені спадар Мікалай апавядае пра сваё бачаньне сэнсу Радаўніцы:

«Гэта сьвята для памерлых. Прыходзяць нашчадкі, ушаноўваюць іх памяць, узносяць ім малітвы як хто ўмее. Але ўшаноўваюць сваіх бацькоў, якія памерлі. Гэта сьвята для памерлых».

Мікалай кажа, што пасьля Чарнобылю таксама адсяляўся зь вёскі, але пазьней вярнуўся:

«Я вярнуўся, бо маці нікуды не паехала. Я вярнуўся, каб даглядаць яе да сьмерці. Я яе дагледзеў, пахаваў. А цяпер ужо мне куды? Я ведаю, што па ўзроўню радыяцыі тут можна жыць».

Суразмоўца кажа, што даглядаць магілы прыяжджаюць і ўкраінцы:

«Украінцы прыяжджаюць — мы сябруем. У нас тут суседняя ўкраінская вёска Парышаў — яна таксама пацярпела. Там цяпер мала людзей — раней было больш. Мы сябравалі, хадзілі туды ў царкву. Яны да нас хадзілі. У нас коні былі ў вёсцы, людзі нашы трымалі. Дык мы езьдзілі і працавалі на іх прысядзібных участках. Карацей, дапамагалі. Яны таксама ставіліся да нас вельмі добра, па-сяброўску. Што тут скажаш: для мяне няма розьніцы паміж беларусам і ўкраінцам, мы — адзін народ. Мне падаецца, што Ўкраіна атрымала добрую спадчыну. Але яе раскралі — раскралі кіраўнікі. Народ пабачыў гэта й пачаў змагацца. Бо ім лепш памерці, чым жыць у такой няпраўдзе. І я падтрымліваю гэтых людзей».

Дубовыя крыжы ў Гдзені



Валянціна Мальчанка калісьці працавала ў Гдзені бугальтаркай. Цяпер яна жыве ў процілеглым баку Брагінскага раёну:

«Большасьць людзей з гэтай вёскі ва Ўкраіне жывуць. Яны прыяжджаюць адтуль. І ў Беларусі некаторыя жывуць. Але ў асноўным ва Ўкраіне. Тут блізка, і туды зьяжджалі — вучыцца, жыць, працаваць. Я не мясцовая, я тут замуж выйшла, калі па разьмеркаваньні на працу прыехала. Пасьля аварыі адсялілі. Тут на могілках ляжаць мае сьвёкар і сьвякруха, іхнія бацькі. Душа баліць, калі прыяжджаем. Быў дом майго сьвёкра і мой дом, дзе жыла, дык ужо ўсё зьнесьлі і захавалі ў зямлю. Я тут трынаццаць гадоў працавала, ведала ўсіх — і дарослых, і дзяцей. Яны ўсе былі свае, блізкія. Прыяжджаю, душа баліць, бо тут ужо пустыня, а ня вёска».

Your browser doesn’t support HTML5

Чарнобыльская Радаўніца


Зьнітаваліся лёсы з суседняй Украінай і ў жыхароў Кірава, вёскі якая таксама месьціцца на поўдні Брагінскага раёну.

Мясцовая жыхарка Валянціна распавяла, што з украінцамі ня толькі сустракаюцца на Радаўніцу, але і ў звычайныя дні, бо часьцяком езьдзяць ва Ўкраіну.

«У Чарнігаў езьдзім — спакойна, ціха ўсё. За харчамі езьдзім, за кветкамі во на Радаўніцу езьдзілі. Шмат езьдзяць людзі. Там нашмат таньней. Вось букет штучных кветак у нас каштуе 40-45 тысяч, а там — 30-35 грывен. Букет з 6-7 галінак наагул 16-18 грывен. У нас усё даражэй. Там ў іх і харчы таньнейшыя. Вазьміце тыя ж яблыкі, мандарыны, радыску, агуркі — усё там таньнейшае. Напалову! І адзеньне таньнейшае».

А што чулі тут мясцовыя жыхары пра вайсковую тэхніку, якая, мяркуючы па ўкраінскіх інтэрнэт-паведамленьнях, нібыта курсуе ўздоўж украінскай мяжы. У прыватнасьці, блізу памежнага пераходу «Камарын». Можа, сапраўды перашкаджала адзначаць Радаўніцу:

«Не было! Ніякіх БТРаў тут не было. Тут спакойна, ціха. Гэта ўжо прыўкрас пра тэхніку».

Калі што й турбуе людзей, то гэта немагчымасьць патрапіць на могілкі ў звычайныя дні. Бо ў Кіраве яшчэ й памежная зона. І трэба чарнобыльскаму перасяленцу сабраць шмат даведак, каб прыехаць на тыя ж могілкі. Таму звычайна й чакаюць чарнобыльскія перасяленцы Радаўніцы, каб пакланіцца родным магілам.

Памінальны абед


На могілках у вёсцы Кірава


Пакланіцца бабулі


Анатоль Леўчанка з Гдзені не высяляўся