Горадня. Чарнобыльскія пікеты не дазволілі

Вадзім Саранчукоў

Гарадзенцы Вадзім Саранчукоў і Мікола Лемяноўскі атрымалі адмовы з гарвыканкаму на правядзеньне пікетаў 26 красавіка — у чарговую гадавіну чарнобыльскай трагедыі.
Паводле Лемяноўскага, у адмове ўлады спасылаюцца на тое, што ў пададзеных заяўках ня выкананыя патрабаваньні заканадаўства ў частцы адсутнасьці зьвестак, абавязковых для ўказаньня пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

І Лемяноўскі, і Саранчукоў сьцьвярджаюць, што месца для правядзеньня пікету прасілі тое, якое вызначана дзеля гэтага гарвыканкамам. Але гарадзенскія ўлады не дазваляюць падобных мерапрыемстваў ужо больш за 10 гадоў.

Лемяноўскі: «У нас нічога не мяняецца, улады стаяць на сваім і трактуюць закон так, як ім хочацца. Яны баяцца, каб мы не нагадалі людзям пра чарнобыльскую трагедыю, а таксама не паднялі тэму будоўлі Астравецкай атамнай станцыі. Насамрэч гэтая тэма патрабуе грунтоўнага абмеркаваньня ў грамадзтве, але ўлады гэтага не жадаюць».

Вадзім Саранчукоў мяркуе, што, напэўна, скаргі на рашэньне гарвыканкаму яны падаваць ня будуць, бо загадзя вядома, што гэта ня дасьць ніякага плёну:

Мы столькі разоў сутыкаліся з падобнымі сытуацыямі, і ўсё застаецца бязь зьменаў. Вядома, будзем абмяркоўваць яшчэ свае далейшыя дзеяньні, але, папраўдзе кажучы, выйсьця ня бачым ніякага».