Відавочца: Захопнікі п’юць піва і ня ведаюць, што рабіць далей

Ільля Кузьняцоў, які працуе зь нямецкай здымачнай групай, дзеліцца ўражаньнямі ад наведваньня Славянску і Данецку.
Паводле ягоных слоў, захоплівалі дзяржаўныя будынкі падрыхтаваныя вайскоўцы, якія потым перадалі кантроль мясцовым сэпаратыстам. Аднак тыя ня ведаюць, што рабіць з ускладзенай на іх місіяй і збольшага забаўляюцца тым, што... п’юць.

Прадусар Ілья Кузьняцоў, якія працуе зь нямецкай здымачнай групай ARD, цяпер знаходзіцца ў Данецку. Сюды ён прыехаў з Славянску, дзе назіраў за ўсталяваньнем «новай улады». Якія ягоныя ўражаньні ад камандзіроўкі?

— Зараз я ў Данецку, учора быў у Славянску, дзе захапілі будынак мясцовай міліцыі. Прычым усе тыя, хто атабарыліся ў памяшканьнях, ужо былі людзі тамтэйшыя. Бо, калі зыходзіць з убачанага відэа, тыя, хто захоплівалі, былі відавочна не мясцовыя, а вельмі добра падрыхтаваныя вайскоўцы. Цяпер у будынках знаходзяцца мясцовыя жыхары, у якіх шмат аўтаматаў ды іншага ўзбраеньня. Палова зь іх нецьвярозая, нічога там толкам не арганізавана. То бок яны самі ня ведаюць, што рабіць, таму збольшага адчуваньне хаосу.

— Іншымі словамі, для іх гэтыя будынкі захапілі і проста на гэтыя месцы падсадзілі?

— Так, сапраўды такое ўражаньне, што для іх гэта ўсё захапілі, а самі паехалі захопліваць наступны будынак, потым наступны і г. д. А зараз мясцовыя ня ведаюць, што ад іх увогуле патрабуецца.

— Сёньня вы пераехалі ў Данецк, і што найперш адчулі? Больш там парадку?

— Ну, у Данецку даволі спакойна, тут захоплены толькі будынак цэнтральнага рэгіянальнага ўраду. Напярэдадні былі паведамленьні, што рыхтуецца захоп мясцовай тэлерадыёкампаніі, былі нават эвакуяваныя супрацоўнікі, але нічога ўрэшце не пацьвердзілася. Тэлевізія па-ранейшаму працуе. Мясцовыя жыхары, канечне, напалоханыя, але нічога супрацьпаставіць ня могуць.
Мясцовыя жыхары, канечне, напалоханыя, але нічога супрацьпаставіць ня могуць

— Ці складваецца ўражаньне, што Расея ў гэтым рэгіёне дзейнічае па крымскім сцэнары?

— Асабіста ў мяне ўсё большае і большае ўражаньне, што гэта сапраўды расейскі сцэнар. Таму што ўзброеныя людзі, якія захопліваюць будынкі, відавочна, не мясцовыя. Яны бяруць адзін горад за другім, але магу сказаць, што большасьць мясцовых жыхароў іх агрэсіўныя дзеяньні не падтрымліваюць.

— Усё ж мэта анэксаваць усходнюю і паўднёвую часткі Ўкраіны прасочваецца?

— Шчыра кажучы, не ўяўляю сабе, што творыцца ў галовах расейскіх лідэраў, але спадзяюся, што да гэтага справа ўсё ж ня дойдзе. Аднак тое, што адбываецца, часьцяком сьведчыць на іншае.

— Магчыма, што працэсам усё ж кіруе не Расея, а мясцовыя людзі, якія жывуць у мяцежных рэгіёнах?

— Не, мне ўсё ж падаецца, што мясцовыя людзі нічым тут не кіруюць, кіруе працэсам нехта звонку. Таму што спачатку мы бачым відэа з расейскага тэлебачаньня ці інтэрнэту, дзе інструктаж даюць нейкія расейскія палітолягі, а потым, праз колькі дзён, на дэманстрацыях мы бачым тыя ж самыя лёзунгі, заявы нават з ужываньнем тых жа самых словаў, якія выкрыкваюць мясцовыя жыхары. То бок яны атрымліваюць дзесьці інструктаж, а пасьля ўжо арганізуюць пратэсты.

— Але ў Данецку зараз адносна спакойна?

— У Данецку, акрамя цэнтру, адносна ціха. Уначы, канечне, ня так спакойна, ходзяць сэпаратысты-захопнікі па горадзе, п’юць піва. Тады ўжо досыць трывожна. Але ўдзень нічога, можна жыць.