ЗША лічаць відавочным вонкавае ўзьдзеяньне на беспарадкі ва Ўкраіне

Прадстаўнік офісу прэзыдэнта ЗША Джэй Кэрні

Частка прарасейскіх пратэстоўцаў, якія захапілі ўладныя будынкі на Ўсходзе Украіны, «атрымліваюць грошы і не зьяўляюцца мясцовымі жыхарамі» . Пра гэта заяўляе Белы дом і дадае, што гэтаму ёсьць «пераканаўчыя доказы».

Адначасова сьпікер офісу прэзыдэнта ЗША Джэй Кэрні не ўдакладніў, ці перакананы Вашынгтон, што гэта Расея фінансуе і арганізуе новыя беспарадкі ў Данецку, Луганску і Харкаве.

Ён падкрэсьліў, што Белы дом «занепакоены эскаляцыяй агрэсіі ва Ўкраіне на выходных» і бачыць такое разьвіцьцё падзей «сьледзтвам павелічэньня ціску Расеі на Ўкраіну» .

Кэрні папярэдзіў пра «далейшыя наступствы» па-за межамі ўжо ўведзеных санкцый, калі Масква і надалей будзе парушаць сувэрэнітэт Украіны.