Дубровенцы ня хочуць «цягнуць» расейскі калгас

За мастком — ужо Расея

Беларускія вяскоўцы, якія жывуць побач з расейскай мяжой, маюць тыя самыя цяжкасьці, што й суседзі. Колькасьць насельніцтва скарачаецца, у вёсках жывуць амаль што спрэс пэнсіянэры, працаўнікоў у гаспадарках меншае. Таму прапанову губэрнатара Смаленскай вобласьці запрасіць беларусаў апрацоўваць палі ў памежных расейскіх рэгіёнах жыхары вёскі Ляды́ Дубровенскага раёну ўсур’ёз не ўспрымаюць.

Ляды — апошняя беларуская вёска на памежнай тэрыторыі. Тут заканчваецца Віцебшчына і пачынаецца Смаленшчына, пра што сьведчаць памежныя знакі і дарожныя ўказальнікі.

Ужо амаль што за знакам зь перакрэсьленай назвай «Ляды» стаіць апошняя беларуская хата, дзе жыве Алена Ўладзіміраўна. Паводле пашпарту, кажа, яна — беларуска:

«Во толькі не зразумець, ці то я — пачатак Беларусі, ці то пачатак Расеі! Я і туды, і сюды (сьмяецца). Во глядзіце — мост, а там ужо Расея. Блізенька! Працякае рэчка Мярэя каля мяне, на беразе — хмызьняк, а за ім — поле. Гэта ўжо расейскае поле».

Алена Уладзіміраўна гаворыць, што гэта, мабыць, якраз тое поле, якое губэрнатар Смаленшчыны гатовы аддаць беларускім сялянам, каб яны яго апрацоўвалі. Паводле ягонай ідэі, грошы, заробленыя на збажыне з гэтых палёў, мусяць пайсьці ў расейскую казну.

Крайняя хата на мяжы


Але староньні чалавек наўрад ці разьбярэцца, дзе тое поле. Гэта ведаюць толькі мясцовыя жыхары, якія памятаюць, што некалі тут аралі і сеялі. А сёньня тут вырасьлі ўжо даволі ладныя бярозкі. Па іх Алена Ўладзіміраўна і можа сказаць, колькі часу палі пустуюць:

Апрацаваць уласныя палеткі й тое няма сіл


«Паглядзіце, колькі гэтым бярозкам? Гадоў пяць або сем. Во як! Два крокі — і вось яна Расея. Бліжэйшай вёскі, лічы, што ўжо й няма! У наступнай — адзін ці два дамы. А ў нас дык усё робіцца, палі заараныя. У нас тут свая гаспадарка ёсьць — саўгас «Прыдняпроўскі».

Беларускі саўгас «Прыдняпроўскі»


Дзьве вёскі суседняга, Красьненскага раёну — Шалбаны і Плаўны; да адной чатыры, да другой — два кілямэтры. Так напісана на дарожным указальніку, ад якога ўлева вядзе каляіна. Дарогай гэта ўжо не назавеш, але й каляіна заканчваецца на стромкім беразе глыбокага яра. Дзесьці тут, як напісана на ўсталяваным паблізу помніку, былі расстраляныя вязьні Лядненскага гета.

Помнік і ўказальнікі ў «нікуды»: вёсак ужо амаль няма


Ніякай вёскі з узгорку не відаць, а навокал — тыя самыя расейскія палі, пазарослыя дзе хмызамі, а дзе ўжо і дрэвамі. Бяскрайнія палі, якія ўжо даўно ня бачаць гаспадарскага клопату.

Рускае поле


Але й дубровенцы тут не памочнікі губэрнатару Аляксею Астроўскаму — саўгас «Прыдняпроўскі» суседзкія палі апрацаваць ня ў стане. Так лічыць жыхарка Лядоў Галіна Серафімаўна, пэнсіянэрка, як і большасьць тутэйшых насельнікаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Ляды на мяжы з Расеяй: Трактары стаяць, а працаваць няма каму

Саўгас «Прыдняпроўскі» — прадпрыемства небагатае. Заробкі маленькія, таму даводзіцца трымаць вялікую гаспадарку, гаворыць спадарыня:

«Канечне, небагата жывем! Заробкі ў саўгасе малыя — па 2 мільёны зарабляюць, хто там працуе. І пэнсіі малыя. Таму трымаем гусей, індыкоў, курэй. Сьвіней трымаць забаранілі, бо была, кажуць, чума нейкая! А кароўку трымаем. Есьць у мяне і два гектары зямлі, але абрабляць няма сіл, дык аддала зяцю. Ён садзіць шмат бульбы, капусты. А прадаваць гэта ўсё вязем у Смаленск. Там даражэй прадаць можна, а ў нас сельскагаспадарчая прадукцыя ўся каштуе капейкі!»

У Лядах


Стасункі з суседнім Красьненскім раёнам у беларусаў з Дубровеншчыны — выключна камэрцыйныя. Беларусы вязуць на продаж гародніну, а з Расеі па суботах чакаюць танных расейскіх тавараў:

«Да нас расейцы цяпер ужо й ня езьдзяць. Па-першае, паблізу вёсак ужо няма, каб езьдзілі. Па-другое, цяпер да нас яны самі ўсё возяць: цукеркі, печыва, рыбу, усялякія тавары... А што ж: зачынілі ў нас прамтаварную краму, аб’ядналі гаспадарчую з харчовай — дык цяпер там нічога амаль няма. А такая ж вёска, здаецца, яшчэ вялікая, і побач гэтая траса на Смаленск».

У Лядах сёньня жыве каля 400 чалавек, але працаздольнага насельніцтва — усяго каля ста. У кавярні гандлярка расказвае, што два чалавекі нават прыяжджаюць з Расеі, каб у сэзон працаваць у калгасе трактарыстамі. Так што спадзявацца на дапамогу беларускіх вяскоўцаў суседзям не выпадае, гаворыць жыхарка Лядоў:

«Во пустая хата, і во пустая хата, і там пустая. Маладых на нашай вуліцы — тры сям’і, і на суседняй, можа, чатыры. Маладыя — гэта хто яшчэ не пэнсіянэры, як мы. Трактары стаяць, а працаваць няма каму! Так што „Прыдняпроўскі“ наш ніякай дапамогі суседзям проста не пацягне! Не-не-не...»