Кіраўнік Данеччыны заявіў пра дзяржпераварот на ўсходзе Ўкраіны

Сяргей Тарута

На ўсходзе Ўкраіны рэалізуецца мэтанакіраваны сцэнар дзяржаўнага перавароту, накіраванага на раскол краіны.
Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка Данецкай абласной дзяржадміністрацыі Сяргея Таруты, распаўсюджанай яго прэс-службай.

«Рашэньні, што прымаюцца цяпер людзьмі, якія захапілі дзяржаўныя ўстановы, зьяўляюцца незаконнымі. Законны выхад з існуючага крызісу павінен знайсьці дзейны Абласны савет дэпутатаў», — заявіў Тарута.

Ён заклікаў вызваліць залю для правядзеньня пазачарговай сэсіі.

«Каб пазьбегнуць сілавога сцэнару разьвіцьця падзей, неабходна даць дэпутатам магчымасьць сабрацца ў экстраным парадку. Далейшы дыялёг неабходна выбудоўваць выключна ў прававым полі», — адзначаецца ў заяве.

Сэпаратысты захапілі будынак Данецкай аблдзяржадміністрацыі і абвясьцілі стварэньне «Данецкай народнай рэспублікі».