Рыкашэт. Сындром вернападданьніцтва

Валер Карбалевіч

Аляксандар Лукашэнка заўсёды кажа аўдыторыі ці партнэрам па перамовах тое, што ад яго хочуць чуць. Каб спадабацца. Гэта добра вядомы ягоны палітычны стыль. Таму тое, што падчас сустрэчы з губэрнатарам Калускай вобласьці ён рассыпаўся ў ветлівасьці, даказваючы сваю адданасьць Расеі, можна было б прыняць за звычайны прыём. Калі б ня шэраг чыньнікаў, якія выводзяць гэтую дэманстрацыю ня тое што ляяльнасьці, але і вернападданства на новы ўзровень.

Ня будзем браць 1990-я гады, калі Лукашэнка марыў аб рэальным аб’яднаньні Беларусі і Расеі. Але пачынаючы з 2000-х гадоў беларускі кіраўнік стараўся не казаць нешта такое, што ставіла б пад сумнеў яго як самастойнага палітыка, а Беларусь — як незалежную дзяржаву. А цяпер ён гэта кажа. Прычым так часта, як ніколі.

«З-за гістарычнага мінулага, таго, што мы адзін народ, ствараем адзіны праект — мы будзем з Расеяй. Трэба спыніць гэтыя спэкуляцыі. Калі паўстане пытаньне, мы заўсёды будзем з Расеяй», — заявіў беларускі кіраўнік на выбарчым участку 23 сакавіка.

«І ў любой сытуацыі мы будзем з Расеяй. Трэба спыніць усялякія інсынуацыі на гэтую тэму», — заўважыў прэзыдэнт Беларусі падчас сустрэчы з намесьнікам старшыні ўраду РФ Дзьмітрыем Рагозіным 1 красавіка.

І вось у пятніцу на перамовах з губэрнатарам Калускай вобласьці Анатолем Артамонавым ён заявіў:

«Але запомніце: што б я ні рабіў цяпер, размаўляючы з Украінай, Захадам, Усходам і гэтак далей ,— калі мы закранаем Расею, дык я ніводнага кроку не раблю без узгадненьня з кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі... Калі трэба будзе Расеі, каб мы за яе працавалі ва Ўкраіне — мы гэта будзем рабіць; калі трэба будзе Расеі, каб мы ехалі за трыдзевяць зямель і карысьць ёй прыносілі — мы гэта будзем рабіць. Таму што гэта: а) у інтарэсах нашага роднага брата, б) гэта ў інтарэсах Беларусі, гэта не супярэчыць нашым інтарэсам... Яшчэ не нарадзіўся той вырадак на зямлі, які б не разумеў, што такое Расея і што такое санкцыі, і чым яны абернуцца».

Што здарылася? Чаму Лукашэнка не баіцца паказваць сябе ў якасьці сатэліта Расеі? Бо пра свой імідж ён жа клапоціцца вельмі моцна.

Гэтыя ліхаманкавыя вернападданьніцкія прарасейскія заявы выдаюць, што Лукашэнка моцна напалоханы. І тут ужо не да захаваньня ранейшага вобразу. Бо кіраўнік Беларусі адчуў рэальную небясьпеку ад Расеі. І як чалавек з вострым палітычным пачуцьцём, ён на яе рэагуе. І справа тут, думаю, ня толькі ў апошніх агрэсіўных кроках Масквы ў дачыненьні Ўкраіны.
Кіраўнік Беларусі адчуў рэальную небясьпеку ад Расеі. І як чалавек з вострым палітычным пачуцьцём, ён на яе рэагуе


Выкажу вэрсію, што, магчыма, у тым сумна знакамітым тэлефанаваньні Пуціна Лукашэнку, пасьля якога апошні тэрмінова прыняў рашэньне дазволіць расейскай ваеннай авіяцыі перабазіравацца на тэрыторыю Беларусі, былі такія словы і пагрозы, якія вельмі моцна паўплывалі на прэзыдэнта Беларусі. Так моцна, што мы ўбачылі новага Лукашэнку, які бясконца і аднастайна паўтарае: мы ўсё робім «у інтарэсах нашага роднага брата».

Другі момант. Крымская спэцапэрацыя спрычынілася да таго, што ў беларускай масавай сьвядомасьці зьявіўся моцны прарасейскі трэнд. І Лукашэнка імкнецца асядлаць гэтую хвалю.

А тое, што такія вернападданьніцкія рэпрызы робяць дрэннае ўражаньне, ствараюць вобраз Беларусі і самога Лукашэнкі як сатэліта, марыянэткі Расеі — гэта пабочныя выдаткі палітыкі. Ва ўсялякім разе, мусіць, ён так думае. Але адкруціць сытуацыю назад будзе ўжо цяжка, калі ўвогуле магчыма.