ФСБ вінаваціць беларускага анархіста ў падрыхтоўцы тэракту на АЭС?

Ілюстрацыйнае фота

На мяжы з Украіны ў Расею затрымалі жыхара Гомеля Дзьмітрыя Разановіча, актывіста анархісцкага руху ў Беларусі.
Ён быў актыўным удзельнікам кіеўскага Майдану, а цяпер ехаў з Кіева ў Курск. Затрыманьне адбылося, верагодна, з 13 на 14 сакавіка, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пры ім быў пашпарт ягонага брата, свайго пашпарту юнак ня меў. Памежнікі перадалі яго прадстаўнікам расейскага ФСБ, якія канваявалі Разановіча ў Курск. Цяпер ён у ізалятары. Праводзяцца сьледчыя дзеяньні. Сваякам у спатканьні адмовілі.

Сябры Разановіча перадаюць, што «неўзабаве да яго паедзе адвакат, і стануць вядомыя новыя падрабязнасьці пра затрыманьне».

Стала таксама вядома, што ўпраўленьне ФСБ па Курскай вобласьці, акрамя перасячэньня дзяржаўнай мяжы па чужым пашпарце, вінаваціць яго ў падрыхтоўцы тэракту на Курскай АЭС.

Ва ўпраўленьні ФСБ Расеі па Курскай вобласьці і ў памежным упраўленьні ФСБ па Курскай вобласьці карэспандэнту Свабоды сказалі, што ня маюць інфармацыі пра затрыманьне грамадзяніна Беларусі Дзьмітрыя Разановіча, і што яны яго не затрымлівалі.