Выведка ЗША: Расея гатовая да ўварваньня ва Ўсходнюю Ўкраіну

Расейскія вайскоўцы каля Сымфэропаля 27 сакавіка

Тэлеканалу CNN стала вядома, што ў новым сакрэтным рапарце амэрыканскай выведкі робіцца выснова, што імавернасьць расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўсходнюю Ўкраіну большая, чым меркавалася раней.
Пра гэта піша ў сваім блогу на сайце СNN карэспандэнтка CNN пры Пэнтагоне Барбара Стар.

Два супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта пераказалі зьмест рапарту, але адмовіліся адкрыць свае імёны.

Службоўцы падкрэсьлілі, што поўнай яснасьці ў гэтым пытаньні няма, але што за апошнія тры-чатыры дні зьявілася некалькі трывожных сыгналаў.

«Гэта зьмяніла нашу думку наконт таго, што імавернасьць далейшага расейскага ўварваньня больш верагодная, чым думалася раней», — зазначыў адзін з службоўцаў.

Цяперашняе нарошчваньне сілы нагадвае ваенныя прыгатаваньні Масквы перад уварваньнем у Чачню і Грузію — і па колькасьці вайсковых частак, і паводле іх баяздольнасьці.

Амэрыканскія ўрадоўцы мяркуюць, што канцэнтрацыя больш чым 30 тысячаў расейскіх вайскоўцаў на мяжы з Украінай, разам з мабілізацыяй дадатковых сілаў у стане гатовасьці, дае прэзыдэнту Пуціну магчымасьць за кароткі час уварвацца ва Ўкраіну, і Злучаныя Штаты ня ў стане прадбачыць, калі гэта можа адбыцца.

У рапарце адзначаецца некалькі новых дэталяў:

Войскаў на расейска-ўкраінскай мяжы — больш за 30 000 чалавек — «значна болей», чым патрабуецца для «манэўраў», якія нібыта праводзіць Расея, пры гэтым не назіраецца ніякіх знакаў вяртаньня войскаў на базы сталай дысьлякацыі.

Войскі на мяжы з Украінай улучаюць вялікую колькасьць «матарызаваных» частак, здольных да хуткага перамяшчэньня. Дадатковыя спэцыяльныя сілы, дэсантныя войскі, авіятранспартныя і іншыя часткі, якія могуць спатрэбіцца для ўварваньня, прыведзены ў стан мабілізацыі ў іншых рэгіёнах Расеі.

Ёсьць дадатковая выведная інфармацыя, што ў памежны рэгіён накіроўваецца «падмацаваньне». Усе вайсковыя часткі занялі пазыцыю для правядзеньня патэнцыйнай ваеннай акцыі.

Разьмешчаныя на мяжы расейскія сілы ўключаюць артылерыю і транспарт супрацьпаветранай абароны.

Злучаныя Штаты мяркуюць, што Расея можа вырашыцца на ўварваньне ва Ўсходнюю Ўкраіну, каб забясьпечыць стварэньне «наземнага мосту» да Крыму.

Мяркуецца, што расейскія сілы могуць рухацца ў кірунку трох украінскіх гарадоў: Харкаву, Луганску і Данецку, каб забясьпечыць доступ у Крым. Паводле амэрыканскай выведнай інфармацыі, расейскія сілы цяпер разьмешчаныя ў раёне Растову, Курску і Белгараду.