Затрымалі сакратара БХД Дзяніса Садоўскага

Дзяніс Садоўскі

Адказнага сакратара аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніса Садоўскага, які зьўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты па Чыгуначнай акрзуе № 20 у Менску Максіма Гацака, затрымалі супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага РУУС.
Як паведаміў Свабодзе Дзяніс Садоўскі, гэта здарылася на выбарчым участку № 53: «Прыкладна гадзіну таму назіральніца ад БХД на гэтым выбарчым участку Галіна Каржанеўская паведаміла, што на ўчастак ў масавым парадку дастаўляюць студэнтаў дзеля датэрміновага галасаваньня. На заўвагу старшыні камісіі назіральніца была выдаленая з выбарчага ўчастку. Я мусіў ехаць і высьветліць прычыну гэтых незаконных дзеяньняў.

Спачатку мяне не хацелі пускаць на ўчастак, а пасля таго, як я паабяцаў напісаць скаргу, сталі не выпускаць з яго. У выніку старшыня камісіі і яго намесьнік зьвінавацілі мяне ў нібыта неадэкватных паводзінах і выклікалі міліцыю.

Супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС затрымалі мяне і абавязалі прайсьці мэдычную экспэртызу на наяўнасьць алькагольнага ап’яненьня, што экспэртыза не падцьвердзіла. Зараз я знаходжуся ў Кастрычніцкім РУУС, ніякіх дзеяньняў адносна мяне не праводзіцца, але зь перамоваў міліцыянтаў можна меркаваць, што на мяне зьбіраюцца скласьці адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 17.1 аб дробным хуліганстве».