Хвост для кабылы

Памятка дэмакрата: 10 рэчаў, якія ня варта чакаць ад выбараў
1. Што выбіраць будуць выбаршчыкі, а не начальства, і гэта дэмакратычна, бо начальства таксама абіраюць. І вядома хто.

2. Што будзе байкот і што ня будзе байкоту, бо розьніцы няма, паколькі калі нават усе рвануць у раптам брацкі Крым, варта зьявіцца самому кандыдату, каб выбары адбыліся.

3. Што кандыдатам зарэгіструюць таго, хто хоча, а не таго, каму можна, бо гэта ня проста розьніца, а нават дзьве.

4. Што агітацыя дазволіць данесьці ідэі апазыцыі ў масы, бо апошнія можа і ня ўсё ведаюць, але даўно ўсё разумеюць.

5. Што датэрміновае галасаваньне робіцца для зручнасьці насельніцтва, а не дзеля аматараў фільма «Тэрмінатар», хаця яно робіцца і не для іх.

6. Што незалежныя назіральнікі нешта пабачаць, што ня бачаць самі сябры камісіі, ну і што.

7. Што будуць лічыць галасы, бо тут гэтая працэдура не з галіны арытмэтыкі, а з галіны страявога статута.

8. Што скаргі ў суды будуць задаволеныя, бо гэта не задаволіць ужо задаволеных, і слова «воля» тут не прышый кабыле хвост.

9. Што новыя дэпутаты будуць нечым адрозьнівацца ад старых, бо і першых, і другіх ніхто ня ведае, і таму параўнаць немагчыма ў прынцыпе.

10. Што новая мятла па новаму мяце, бо хоць саветы ня маюць ніякай улады, улада застанецца савецкая.