Украінскае войска спыніла расейскі дэсант у Хэрсонскай вобласьці

Украінскія салдаты спынілі пранікненьне расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Хэрсонскай вобласьці з боку Арабацкай стрэлкі.
Пра гэта паведамілі ва Ўпраўленьні прэсы і інфармацыі Міністэрства абароны Украіны. «Сёньня, 15 сакавіка 2014, сіламі злучэньняў Узброеных Сіл Украіны была спыненая спроба пранікненьня вайскоўцаў узброеных сіл Расійскай Фэдэрацыі на тэрыторыю Хэрсонскай вобласьці з боку Арабацкай стрэлкі. Адпор быў ажыцьцёўлены неадкладна», — гаворыцца ў паведамленьні і адзначаецца, што расейскія вайскоўцы вярнуліся на папярэдняе месца разьмяшчэньня ў Крыме.

Паводле інфармацыі Мінабароны, з мэтай неадкладнага рэагаваньня на правакацыю былі паднятыя сілы армейскай авіяцыі Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны, а таксама сілы аэрамабільнага батальёна.

Раней сёньня паведамлялася, што 50 расейскіх дэсантнікаў захапілі газаразьмеркавальную станцыю на Арабацкай стрэлцы ў раёне сяла Стралковае (Кахоўскі раён Хэрсонскай вобласьці). Расейскія ваенныя высаджваліся з ваенных верталётаў з расейскімі апазнавальнымі знакамі.

Да заняцьця газаразьмеркавальнай станцыі расейскія ваенныя на трасе спынялі і правяралі аўтамабілі. Да ўзброеных людзей прыехалі начальнік райаддзелу міліцыі і раённы пракурор. Пагутарыўшы з «прышэльцамі», сілавікі адправіліся да ўкраінскага блёк-посту, разьмешчанага на Арабацкай стрэлцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, украінскія вайскоўцы пакінулі блёк-пост, паколькі расейскія дэсантнікі высадзіліся ў тыл украінскіх памежнікаў .

Пасьля гэтага да месца высадкі дэсанту была выслана калёна ваеннай тэхнікі з 8 БТРаў з украінскімі дэсантнікамі на борце.