Лукашэнка становіцца вайсковым саюзьнікам Пуціна

Ілюстрацыйнае фота

Завяршылася перадысьлякацыя шасьці расейскіх зьнішчальнікаў «Су-27» і трох вайскова-транспартных самалётаў з інжынэрна-тэхнічным складам на аэрадром «Бабруйск» у Беларусі. Яны ўдзельнічаюць у тактычных вучэньнях з падразьдзяленьнямі зэнітных ракетных войскаў Вайскова-паветраных сіл і войскаў Супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл Беларусі. А на аэрадроме ў Лунінцы, непадалёк ад мяжы з Украінай, прызямліліся верталёты «МІ-8» і зьнішчальнікі «МіГ-29», якія належаць беларускаму войску. З 15 сакавіка яны заступаюць на баявое дзяжурства.

У Міністэрстве абароны Беларусі заяўляюць, што вучэньні адбываюцца ў рамках праверкі Адзінай (з Расеяй) рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Да ўдзелу ў вучэньнях далучаецца зэнітны ракетны дывізіён 740-й зэнітнай ракетнай брыгады паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня і зэнітная ракетная батарэя «Тор-М2» 120-й зэнітна-ракетнай брыгады. Удзельнікі вучэньняў зрабілі маршы ў прызначаныя раёны, каб заступіць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне.

У размове са Свабодай начальнік упраўленьня інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў пацьвердзіў удзел у вучэньнях вайскоўцаў з Расеі. Ён падкрэсьліў дзьве акалічнасьці. Першая — расейцаў запрасілі на заняткі іх беларускія калегі. Другая — вучэньні не зьвязаныя з падзеямі ва Ўкраіне:

«Беларускі бок прапанаваў Расейскай Фэдэрацыі ўдзельнічаць у сумеснай фазе вучэньня, якая праводзіцца на нашай тэрыторыі, у рамках праверкі Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Першы этап гэтай праверкі скончыўся, а пачынаўся ён, дарэчы, задоўга да ўкраінскіх падзеяў. І тады, у прыватнасьці, правяралася гатоўнасьць органаў кіраваньня злучэньняў і вайсковых частак беларускага сэгмэнту супрацьпаветранай абароны ў Адзінай рэгіянальнай сыстэме Супрацьпаветраных сіл Беларусі і Расеі. А на другім, цяперашнім, этапе будзе правераная гатоўнасьць сыстэмы ў цэлым з прыцягненьнем расейскага кампанэнту».

Аляксандар Алесін

Вэрсію пра тое, што другі этап праверкі выпадкова супаў з падзеямі ва Ўкраіне, вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адкідае:

«Лукашэнка, магчыма, сам і не хацеў гэтага рабіць. Усё ж наша сыстэма супрацьпаветранай абароны дастаткова моцная. Яна можа бязбольна „пераварыць“ 12 дадатковых самалётаў НАТО ў Польшчы і 5–6 — у краінах Балтыі. Таму я думаю, што гэта ўсё ж была ініцыятыва Расеі. Мякка кажучы, гэта была настойлівая просьба, у якой Лукашэнка ня мог адмовіць.

Тое, што ён ня мог адмовіць Крамлю, выцякае з таго, што беларускі кіраўнік займае асобную пазыцыю па Ўкраіне. Яна ў шмат якіх аспэктах адрозьніваецца ад расейскай. І для кампэнсацыі сваёй самастойнасьці ён дэманструе Маскве сваю ляяльнасьць як вайсковы саюзьнік, пагаджаючыся на прылёт сюды расейскіх самалётаў».

Аляксей Янукевіч

Сваё абурэньне авантурай Крамля ва Ўкраіне выказалі сёньня ўдзельнікі сойму партыі БНФ. Лідэр партыі Аляксей Янукевіч адзначае:

«Мы разглядаем фактычную акупацыю тэрыторыі ўкраінскай дзяржавы расейскімі войскамі як акт агрэсіі, якую рэваншысцкія сілы робяць з мэтай помсты народу Ўкраіны за яго эўрапейскі выбар, імкнучыся дэстабілізаваць дзяржаву і захапіць частку яе тэрыторыі. Партыя БНФ заклікае сусьветную супольнасьць «цьвёрда выступіць у абарону тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя формы ціску на ўрад Расеі з мэтай прымусіць яе адмовіцца ад плянаў захопу тэрыторыі Ўкраіны».

Ад кіраўніцтва Беларусі Партыя БНФ патрабуе «не даваць уцягнуць сябе ў расейска-ўкраінскі канфлікт, у тым ліку не аказваючы расейскаму боку як агрэсару ніякай вайсковай ці іншай дапамогі, катэгарычна выключыўшы магчымасьць выкарыстаньня беларускай тэрыторыі, Узброеных сіл і аб’ектаў інфраструктуры ў мэтах палітыкі захопу».