Украіна адмовілася ад СНД у Менску

Сьцяг над будынкам Выканкаму СНД у Менску

Заплянаваная на 14 сакавіка ў Менску сустрэча на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных спраў краін СНД адменена. Гэта зьвязана з тым, што ўкраінскі бок адмовіўся ад удзелу ў гэтай сустрэчы.
Напрыканцы лютага выканаўца абавязкаў міністра замежных спраў Украіны Андрэй Дзешчыца як старшыня Рады міністраў замежных спраў СНД, ініцыяваў правядзеньне ў Кіеве пазачарговага паседжаньня кіраўнікоў МЗС краін СНД. Гэта было выклікана сытуацыяй у асобных рэгіёнах Украіны, у тым ліку ў Крыме.

Прапанову доўга абмяркоўвалі сталыя прадстаўнікі краін СНД. Яны заявілі, што такая сустрэча ў Кіеве немагчымая «ў сувязі зь неабходнасьцю дапрацаваць пытаньне», і прапанавалі сустрэцца ў Менску.

Беларусь прынцыпова падтрымала прапанову сталых прадстаўнікоў аб правядзеньні такой сустрэчы. Як заявіў 13 сакавіка начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, плянавалася, што ў ёй возьме ўдзел першы намесьнік міністра Аляксандар Міхневіч.

Раней Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што адмова ад правядзеньня пазачарговага пасяджэньня ў Кіеве сьведчыць пра фактычнае самаўхіленьне СНД ад вырашэньня і нават абмеркаваньня сытуацыі ва Ўкраіне.

Тым часам Украіна як дзяржава, якая старшынюе ў 2014 годзе ў СНД, у адпаведнасьці зь дзейнымі правіламі і працэдурай мае поўнае права склікаць пазачарговае пасяджэньне Рады міністраў садружнасьці.

Як заявіў прадстаўнік украінскага МЗС Яўген Перабійніс, «штучнае зацягваньне правядзеньня такога пасяджэньня толькі спараджае атмасфэру ўзаемнага недаверу і тым самым зьніжае аўтарытэт СНД».