Ільля Копыл: «Пра набалелае больш няма куды патэлефанаваць, як на Радыё Свабода»

Your browser doesn’t support HTML5

У траўні будзе 60 гадоў, як упершыню прагучалі пазыўныя Беларускай службы Радыё Свабода. Да гэтай даты мы вырашылі распавесьці пра некаторых нашых сталых слухачоў, якія стануць героямі новых выпускаў праграмы Сталкеры Свабоды. Сёньня сустрэча з маёрам савецкага войска ў адстаўцы, аўтарам кнігі «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка» Ільлём Копылам.
«Я спачатку слухаў проста замежныя галасы. А пачаў я слухаць іх, калі набыў першы свой прымач. Гэта быў савецкі прымач „Мурамец“. Было тое ў 1961 годзе.

У нас у войску палітработнікі праводзілі з намі гутаркі на ўсякія палітычныя і міжнародныя тэмы. Яны казалі, што вось, маўляў, „Голас Амэрыкі“ перадаваў такія й такія рэчы пра Савецкі Саюз. Можа, хто слухаў, тады лягчэй мне з вамі будзе размаўляць. Бо ж яны там кажуць крыху праўды, а астатняе паклёп. Але на гэтую вудачку ніхто не паддаваўся. І я маўчаў, як партызан. Таго, што я слухаў і чуў, я ніколі нікому не расказваў.

Беларускую службу Радыё Свабода я пачуў у 90-я гады. Да гэтага я быў вельмі далёкі ад беларускай мовы. Яе зь мяне цалкам выхаласьціла служба ў войску. А як вярнуўся ў Беларусь, то даведаўся, што ёсьць такое беларускае радыё. На мітынгу стаіш, бывае, і хтосьці пачынае абмяркоўваць, што перадавала беларуская Свабода. Вось і я пачаў яе хвалі шукаць. І аднойчы знайшоў.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Там пачуў такую перадачу „Паштовая скрынка 111“ і падумаў: а чаму б мне не напісаць туды? Я напісаў, і першы мой ліст прагучаў. Для мяне гэта было нейкай эўфарыяй.

Усяго я напісаў на Радыё Свабода больш за сотню лістоў. Магла б атрымацца нават кніга. Цяпер, як штосьці набалела, здымаю слухаўку і тэлефаную на Радыё Свабода. Куды яшчэ можна пазваніць? Няма больш куды.

Я напісаў кнігу пра вайну. Калі я глядзеў фільмы пра вайну, чытаў тоўстыя раманы, то бачыў, што гэта ўсё ня так, усё няпраўда, бо я перажыў акупацыю. У мяне проста засела ў душы, што трэба неяк давесьці праўду пра гэта.

Я прыйшоў да высновы, што да праўды нам вельмі далёка. Калі, да прыкладу, браць вайну, то чым далей мы ад вайны, тым менш праўды».