Будапэшцкі мэмарандум не ўратуе ні Ўкраіну, ні Беларусь

Будапэшцкі мэмарандум быў падпісаны ў сьнежні 1994 году Расеяй, ЗША і Вялікабрытаніяй.
Згодна з гэтым дакумэнтам Украіна і Беларусь паабяцалі вывесьці са сваіх тэрыторыяў ядзерную зброю, якая засталася з савецкіх часоў, ды перадаць яе ў Расею. У адказ Расея, ЗША і Вялікабрытанія ўзялі на сябе абавязак гарантаваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і Беларусі як незалежных дзяржаў.

Пасьля рашэньня Савету Фэдэрацыі РФ, якое дазволіла прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну выкарыстоўваць расейскія войскі ў Крыме дзеля абароны расейскага насельніцтва, стала відавочна, што Масква нязгодная выконваць абавязаньні, накладзеныя Будапэшцкім мэмарандумам.

Ці можа ўсё ж Будапэшцкі мэмарандум абараніць Украіну і Беларусь ад захопу іхніх тэрыторыяў Расеяй? Пра гэта разважалі амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі і былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб.


Пятро Садоўскі: «Пуцін лажануўся»


Пятро Садоўскі

Пятро Садоўскі лічыць, што калі Расея адмаўляе цяпер прававую моц Будапэшцкага мэмарандуму, то ў адказ Украіна мусіць адмовіцца выконваць умовы Харкаўскага пагадненьня, паводле якога Чарнаморскі флёт Расеі базуецца на тэрыторыі Ўкраіны.

«Натуральна, што Будапэшцкі мэмарандум павінен быць прыняты ў разьлік. Аднак ранг гэтай міжнароднай дамовы ня самы высокі. Увогуле Будапэшцкі мэмарандум падпісалі спачатку ў Будапэшце Расея, Вялікабрытанія і ЗША, а пазьней да яго далучыліся Кітай і Францыя. Сэнс гэтага мэмарандуму такі: Украіна і Беларусь па сваёй добрай волі выводзяць атамную зброю і перадаюць элемэнты, якія забясьпечваюць яе выкарыстаньне, Расеі, а краіны, якія падпісалі мэмарандум, становяцца гарантамі бясьпекі Ўкраіны і Беларусі. А гарантыя бясьпекі ўключае ў сябе яшчэ і гарантыю недатыкальнасьці тэрыторыі. Таму ў гэтым сэнсе, вядома, Пуцін у сваім вядомым інтэрвію „лажануўся“, калі спаслаўся на тое, што Будапэшцкі мэмарандум быў, але цяпер гэта ўжо зусім іншыя краіны. Працягваючы ягоную лёгіку, трэба сказаць, што тады зьнікае і Харкаўская дамова пра разьмяшчэньне Чарнаморскага флёту на тэрыторыі Ўкраіны.

Калі казаць пра Беларусь, то ў нас дакладна такі ж статус у Будапэшцкім мэмарандуме, як і ва Ўкраіны. Мы там стаялі праз коску».

Мечыслаў Грыб: Трэба трымаць вуха востра


Мечыслаў Грыб

«Украіну можа абараніць Будапэшцкі мэмарандум, але тут усё залежыць ад таго, як бакі будуць ставіцца да выкананьня гэтага пагадненьня. Цяпер Расея, з аднаго боку, прызнае гэты мэмарандум, а зь іншага — кажа, што ня будзе яго выконваць, таму што Ўкраіна ня выканала сваіх абавязаньняў, пра якія было дамоўлена 21 студзеня. Таксама Расея кажа, што ня дзеліць Украіну, а выступае за яе адзінства. Зразумела, што кажа адно, а робіць зусім іншае.

Калі б Беларусь апынулася ў сытуацыі анэксіі з боку Расеі, то ў нас была б такая самая сытуацыя, якая цяпер ва Ўкраіне. Калі гэта здарыцца, то ўсё будзе залежаць ад таго, якія будуць падставы, якія адгаворкі з боку Расеі. Так заўсёды было, што падпісваюцца розныя пагадненьні, якім быццам бы трэба давяраць, але жыцьцё паказвае, што трэба самім вуха трымаць востра, не спадзеючыся толькі на нейкія дамовы».