Бабруйскія дэмакраты: «Рукі прэч ад Украіны»

Акцыя актывістаў дэмакратычных арганізацыяў Бабруйска

3 і 4 сакавіка бабруйскія актывісты дэмакратычных арганізацыяў выйшлі на вуліцы з нарукаўнымі павязкамі «Мы супраць вайны!».
Мінакам яны тлумачылі, чаму беларусам трэба выступаць супраць ваеннага ўмяшаньня Расеі ў справы Ўкраіны.

Адна з удзельніц акцыі Таісія Кабанчук выказала Свабодзе сваю пазыцыю:

«Беларускае грамадзтва павінна ўсьведамляць сваю адказнасьць за рашэньні прынятыя кіраўніцтва гэтак званай саюзнай дзяржавы. Беларусы мусяць зрабіць усё, каб ваеннага разьвязаньня канфлікту ва Ўкраіне не адбылося — гэтага не даруюць нам нашы дзеці, унукі».

Рада дэмакратычных сіл Бабруйску запатрабавала ад уладаў Беларусі не станавіцца ў супрацьстаяньні ва Ўкраіне на бок Расеі. Акрамя таго, бабруйскія дэмакраты патрабуюць вывесьці райскія вайсковыя базы зь Беларусі, бо іх знаходжаньне тут, як заяўляюць апазыцыянэры, «уяўляе патэнцыйную небясьпеку для беларускіх грамадзян і цэласнасьці краіны».

Свой зварот да ўладаў прадстаўнікі шасьці бабруйскіх апазыцыйных арганізацыяў, паводле аднаго зь іх — сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Юрыя Грынявецкага, назвалі «Рукі прэч ад Украіны». Як кажа партыец, апазыцыйныя актывісты ды простыя жыхары Бабруйску занепакоеныя эскаляцыяй канфлікту ва Ўкраіне. Актывіст заяўляе: «Падставай для звароту стаўся ўвод расейскіх войскаў, хоць яны і без апазнавальных знакаў, на тэрыторыю Ўкраіны. Мы непакоімся за будучыню ўкраінскага народу і за будучыню Беларусі. Мы апэлюем да Канстытуцыі Беларусі, дзе прапісана, што наша краіна імкнецца да нэўтралітэту».

Павязку супраць вайны павязвае бабуля палітвязьня Яўгена Васьковіча Тамара Ўладзімераўна


Юры Грынявецкі прызнае, што пэўная частка беларускага грамадзтва дэзарыентаваная ў тым, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне. Тым ня менш партыец перакананы: бальшыня беларусаў трымаюцца пазыцыі, што ўкраінскі народ сам павінен вырашаць свой лёс. «Мы павінны паважаць волевыяўленьне ўкраінскага народу», — зазначае Юры Грынявецкі.

У заяве бабруйскіх дэмакратаў зазначаецца, што «дзеяньні ўладаў Расеі неадэкватныя і не адпавядаюць міжнародным абавязаньням ды скіраваныя на задавальненьне імпэрскіх амбіцыяў».

Заява была прынятая на пасяджэньні Рады дэмакратычных сіл. Яе прынялі прадстаўнікі гарадзкіх арганізацыяў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі БНФ, партыі левых «Справядлівы сьвет», аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», а таксама прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.