Зьмітра Дашкевіча пасадзілі на 12 сутак

Зьміцер Дашкевіч

Дашкевіча затрымалі 2 сакавіка перад акцыяй пратэсту, якую плянавалася правесьці каля амбасады Расейскай Фэдэрацыі.
У Цэнтральным судзе Зьміцер Дашкевіч напісаў у Cьледчы камітэт скаргу, што падчас паездкі ў суд міліцыянты ўжывалі да яго грубую фізычную сілу і пабілі акуляры:

«03.03.2014 зранку, калі прыехалі супрацоўнікі міліцыі, каб забраць мяне на суд, яны паспрабавалі запіхнуць мяне ў заднюю частку міліцэйскага аўтамабіля, дзе было толькі 2 запасныя колы і не было сядзеньняў. Калі я стаў адмаўляцца сядаць туды з-за абразьлівых умоваў, мяне пачаў зьбіваць супрацоўнік міліцыі Чарняўскі і яшчэ адзін (імя ня ведаю). Мяне зьбівалі па твары, разьбілі акуляры, білі па тулаве, скруцілі, надзелі кайданкі і рэзка за іх торгалі. У выніку ў мяне засталіся сьляды на запясьцях і сьляды ад удараў на твары».

Your browser doesn’t support HTML5

Суд над Дашкевічам, Фінькевічам ды Ціханавым


У сваёй скарзе Зьміцер Дашкевіч патрабуе правесьці праверку ў дачыненьні да дзеяньняў міліцыі, а таксама праверку ўмоваў транспартаваньня адміністратыўна затрыманых і забясьпечыць мінімальна годныя ўмовы перавозкі, прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, а таксама забясьпечыць яму належны мэдагляд у ізалятары, каб аб’ектыўна зафіксаваць пашкоджаньні.