Беларусь VS Белоруссия: як нам быць з Расеяй?

Севярын Квяткоўскі

– Я ужо пару дзён не назіраю бульба-халівараў (гарачых спрэчак між юзэрамі беларускага інтэрнэту – С.К.) як зьявы. Ані разу, – паведаміў знаёмы, сталы інтэрнаўт ад самага зьяўленьня сеціва ў Беларусі. Выказаўся на другія суткі пасьля таго, як у Крыме зьявіліся людзі ў расейскай вайсковай форме.

Акурат напярэдадні я ўдзельнічаў у падобнай вострай дыскусіі, якая застаецца адной з самых топавых у «беларускім пытаньні» і рэгулярна каламуціць байнэт: ці варта перавучваць расейцаў ужываць слова «Беларусь» замест «Белоруссия»?

Пэтыцыя з адпаведным заклікам да расейцаў два месяцы як зьяўляецца перад вачыма ў стужцы майго фэйсбуку. Зварот ужо падтрымала больш за дзесяць тысяч карыстальнікаў. А вагню падліў матэрыял на папулярным рэсурсе:

Lighty_i: – «Мы самі сябе не паважаем, хто ж нашу краіну будзе паважаць!?»

crazy_baby: – «Мяне гэта нават не закранае, я шалею».

З тых, хто актыўна агітуе расейцаў супраць «Белоруссии», мне часьцей трапляюцца расейскамоўныя ў жыцьці беларусы:

Olga Kameneva: – «Я пішу як сама расейскамоўная. Пры слове «Белоруссия» ўва мне ўключаюцца нейкія дрымучыя падсьвядомыя асацыяцыі з пагардай, ці што».

Alena Kurakevich: – «І для мяне важна. Гэта відавочная пагарда з боку Расеі».

Irina Lobko-Wojciechowski: – «Расейцы ўжо задзяўблі сваім няўважлівым і непісьменным стаўленьнем. Дык колькі ж можна выпрабоўваць цярпеньне «Белоруссией»???»

Я разумею, гэтая барацьба з назвай краіны – вынік чагосьці важнага, што адбылося, ці адбываецца ў чалавеку – усьведамленьне сябе беларусам. Ня гледзячы на агульную з расейцамі мову – іншым. І гэтую іншасьць хочацца давесьці, каб на тым баку ведалі: я – ня ты.

Кажу, ды ў вас Стакгольмскі сындром, вы хочаце пераканаць тых, хто гэтае слова прыдумаў і навязаў. Кажу, ды хай гавораць як хочуць, мне галоўнае, каб беларусы правільна вымаўлялі.

Не, кажуць, гэта ў цябе Стакгольмскі сындром, бо ты гатовы цярпець ад іх непавагу. Трэба іх пераконваць, патрабаваць ад іх!

Чытай – адстойваць сваё права людзьмі звацца ў вачах людзей з Расеі.

***
І вось – бах!: навіна пра інтэрвэнцыю Расеі ва Ўкраіну. Вось толькі адзін камэнтар на беларускім вядомым партале навінаў. Сам допіс сабраў каля шасьціста лайкаў, сотні іншых камэнтароў можна пабачыць па спасылцы – большасьць абураныя крокам Расеі:

valikur: – «Калі ў Беларусь прыйдзе расейскі салдат мяне «бараніць», я вазьму ў рукі зброю. Хоць я сам этнічны расеец, Беларусь – мая Радзіма!»

Рэдактарка культурніцкага расейскамоўнага часопісу Kyky.org Саша Раманава імгненна рэагуе артыкулам «Канец брацтву саўка»:

– «Адзінае, што зьвязвае расейскага чалавека зь беларускім чалавекам – агульнае дзяцінства. Шчасьлівае савецкае, з маннай кашай, абасцанымі калготкамі і гранёнай шклянкай».

Максымальна эмацыйны пост разьвітаньня. Ці то з самой Расеяй, ці то зь ейнымі жыхарамі, якія ў сеціве наадварот – збольшага вельмі падтрымліваюць рашэньне сваіх прэзыдэнта і парлямэнту.

У расейскім інтэрнэце рэплікі вядомых інтэлектуалаў, палітыкаў і артыстаў супраць вайны выглядаюць самотнымі, разгубленымі і асуджанымі.

Калега, якая за дзень перад тым адстойвала неабходнасьць змагацца супраць «Белоруссии», з тэзісам, што расейцы мусяць паважаць беларусаў:

– «Галоўнае стрываць. Галоўнае – не паддацца гэтай мярзотнай нагодзе. Не паверыць, што афіцыйная Расея – гэта расейцы».

***
З офлайна прыходзяць іншыя навіны. «Вам тут не Майдан!» – распавядае знаёмы пра сталую кабету, якая зьвярнулася да свайго равесьніка-пасажыра, што загаварыў у тралейбусе па-беларуску.

Ihar Melnikau распавядае пра дзьвюх цёць – суседак у маршрутцы, якія гавораць пра Ўкраіну:

– «Дык там жа «бендэраўцы». А гэта фашысты. А Расея – гэта ж наша краіна. Мы ж таксама Расея».

Ізноў людзі сталага веку: накідваюцца у Менску на пікет, дзе сярод іншага антываенныя лёзунгі – жарсьці каля Камароўкі.

А ў сеціве хтосьці абмяркоўвае варыянты аншлюсу Беларусі, хтосьці дыскутуе ці здольная фізычна і маральна беларуская армія супрацьстаяць расейскай інтэрвэнцыі.

Анатолий Швецов: – «А ў Беларусі ёсьць войска, якое б хацела і магло бараніць краіну ад зьнешняй пагрозы? Калі няма, то навошта ўтрымліваць?»

Andrej Kuźniečyk: – «Нашае войска проста завісьне на словазлучэньні «абараняцца ад Расеі», і ніякая перазагрузка не дапаможа. У людзей тут паніка, каб не прызвалі ваяваць проці Ўкраіны».

Калі ў сеціве бачная збольшага салідарнасьць у пытаньнях, выкліканых расейскай агрэсіяй, то адносна большасьці ў рэальным жыцьці ў юзэраў пануе пануры настрой: ці за Расею, ці проста баяцца вайны пад бокам, ці самой Расеі.

***
Як нам быць з Расеяй?

А што рабіць з Расеяй у галовах нашых суайчыньнікаў, і ці рабіць штосьці?

Olga Antsypovich: – «У свае васямнаццаць гадоў я кінула шклянку з апэльсынавым сокам у хлопца, які агрэсіўна сьцьвярджаў, што беларуская мова недаразьвітая. Потым я выбачылася, і працягнула крычаць пра колькасьць унікальных словаў, пра гісторыю ўзьнікненьня, першыя друкаваныя словы і ВКЛ.

А вось у апошнія гады замест вострага жаданьня спрачацца, і штосьці даводзіць у пытаньнях нацыянальных рэвалюцый ці мовы, прыйшло разуменьне: трэба проста трымацца разам.

З тымі, хто цябе разумее, і каму ня трэба тлумачыць чаму белае табе падаецца белым».

***
Што рабіць? Аб'яднацца вакол ідэі сваёй супольнай Беларусі.

Бо ўпершыню мы на свае вочы ўбачылі рэальную пагрозу свайму агульнаму дому.

Мы ўжо зрабілі першы крок у сеціве – спынілі халівары: зацяглыя, часта малазначныя спрэчкі.