Постаць Леніна зараз ва Ўкраіне надзвычай непапулярная, але цяжка пазбавіцца ад гістарычнай аналёгіі.
Здавалася б, часы ўсё ж ня тыя, ХХІ стагодзьдзе, існуе міжнародная супольнасьць, магутны альянс НАТА, ЗША, якія паводле вайсковай моцы пераўзыходзяць хіба ня ўвесь астатні сьвет. Між тым хада падзеяў паказвае, што часы прыкладна такія ж, як і заўжды. І тут варта замовіць слова за «беднага Абаму», якога некаторыя за яго рэакцыю на падзеі ў Крыму пасьпяшаліся ахрысьціць «слабаком» і «імпатэнтам».
Ну ацэнка ягоных посьпехаў у зьнешняй палітыцы ў цэлым – гэта асобная тэма, але, гледзячы гістарычна, варта сказаць, што ён у сваёй стрыманасьці менавіта ў гэтым канфлікце выглядае ў параўнаньні з папярэднікамі зусім не самотным.
А што зрабіў герой вялікай вайны прэзыдэнт Эйзэнхаўэр, калі СССР у 1956 годзе тапіў у крыві Будапэшт, што рабіў Джонсан, калі савецкія танкі ўвайшлі ў 1968 годзе ў Прагу, як бясстрашны Буш-малодшы ў 2008 годзе рэагаваў на расейска-грузінскую вайну? Адказ па вялікім рахунку – ніяк, нічога. Картэр пасьля савецкага ўварваньня ў Аўганістан увёў частковае гандлёвае эмбарга, байкатаваў Алімпіяду ў Маскве, ён і яго пераемнік Рэйган падтрымлівалі антысавецкі супраціў у Аўганістане, ўзьнімаючы для Масквы цану акупацыі. Ну дык менавіта пра гэта Абама і сказаў. Ня менш, але і ня больш. ЗША ніколі ня ішлі на рызыку прамога вайсковага сутыкненьня з СССР/Расеяй па цалкам зразумелай прычыне – наяўнасьці ядзернага патэнцыялу Масквы і рызыкі ядзернай вайны. Пры нападзе на краіну НАТА напэўна пайшлі б на гэтую рызыку, але толькі ў гэтым выпадку.
Так што ў ваенным сэнсе Ўкраіна апынулася з Расеяй сам на сам. Рэакцыя ўкраінскай ўлады выглядае ў нечым дзіўнай: украінскія лідэры гучна заяўляюць, што навідавоку факт вайсковага ўварваньня, агрэсіі, акупацыі, але ставяць сабе ў заслугу сваю стрыманасьць, тое, што яны не «паддаюцца на правакацыю». Ну, калі ўжываць гэты тэрмін, то ўсё, што можна, ўжо «справакавана». А абарона тэрытарыяльнай цэласьці – права і хіба не галоўны абавязак любой дзяржавы.
Але тлумачэньне гэтага «дзіва» сумнае і простае – ва Ўкраіны няма войска. Не, ёсьць пэўная колькасьць людзей у пагонах і без пагонаў са зброяй і амуніцыяй – няма інстытуту, структуры, якая ідзе ваяваць туды і з тым, куды і з кім загадае начальства. Украінскія людзі ў пагонах, якія яшчэ ўчора бачылі, як абыходзіліся рэвалюцыянэры зь іх калегамі з МУС, дэмаралізаваныя і легітымнасьць новага начальства ўяўляецца ім як мінімум няпэўнай.
Менавіта ў такой жа сытуацыі былі і ўлады Савецкай Расеі ў 1918 годзе. Нават самыя жорсткія крытыкі не папракаюць Леніна адсутнасьцю рашучасьці і волі. Проста на немцаў у 1918 годзе рэвалюцыйная рыторыка Троцкага і іншых красамоўных прамоўцаў ня дзейнічала, значэньне мела толькі сіла. А яе, сілы, войска, ў бальшавікоў не было і ніякая воля не магла замяніць яго адсутнасьць.
Цяжка сказаць, якіх канчатковых мэтаў дамагаецца Масква. Ці Крым – гэта адно плацдарм, а мэта – ўсход і поўдзень Украіны, ці мэта – анэксія адно Крыму, ці вайсковая апэрацыя – сродак уплываць на украінскую палітыку, захоп закладу, які можна і аддаць. Вось пару дзён таму ўяўлялася немагчымым, што рашэньне аб скасаваньні моўнага закону будзе адмененае. А зараз яно адмененае.
На карысьць новага Кіеву – тое, што ў расейцаў няма папулярнай украінскай фігуры, якую яны маглі б прапанаваць у якасьці альтэрнатывы новым уладам. Януковіч такой постацьцю відавочна не зьяўляецца, ён не выклікае аніякіх сымпатыяў нават на ўсходзе і ў Крыме. Там могуць ненавідзець Майдан, але Януковіч – ня сьцяг супраціву Майдану ні для каго. Як у Іраку пасьля скіданьня Садама Хусэйна ў 2003 годзе – супраціў быў, але ніводнай групоўка не натхнялася вобразам зрынутага правадыра.
Ёсьць і яшчэ адзін чыньнік. Крымскае насельніцтва неаднароднае, але значная частка яго і хацела і хоча простага далучэньня паўвыспы да Расеі. Чаго нельга сказаць ні пра ўсход, ні пра поўдзень Украіны. Там, ізноў жа, могуць ненавідзець Майдан і «бандэраў», але «вызваленьня» расейскімі войскамі там зусім ня прагнуць. У гэтым сэнсе паказальна, што нават Януковіч, самастойнасьць якога зараз, мякка кажучы, абмежаваная, ў Растове выказаўся за адзіную Ўкраіну і супраць расейскага ўварваньня.
Аднак баюся, што ўкраінскім уладам давядзецца пайсьці на нейкі аналяг Берасьцейскага міру. Які сам Ленін, падпісаўшы яго, называў «пахабным». Неабавязкова гэты мір будзе вечным, ў тым жа 1918 годзе, пасьля паразы Нямеччыны ў сусьветнай вайне і пачатку там рэвалюцыі, бальшавікі зброяй скасавалі мір, які зброяй ім і быў накінуты.
Ну, ваенная параза Расеі і рэвалюцыя там – не самыя імаверныя прагнозы на бліжэйшую будучыню. Але, магчыма, словы Барака Абамы пра цану, якую давядзецца заплаціць Расеі за свае паводзіны ў Крыме, будуць не пустым гукам. Маскве давядзецца як мінімум узважваць выйгрышы і страты.
Акрамя таго, наважнейшым чыньнікам стане палітычны працэс у «кантынэнтальнай», так бы мовіць, Украіне, ва Ўкраіне за межамі Крыму.
Кансалідацыі ўлады вымагае і лёгіка рэвалюцыі і лёгіка дзяржаўнага кіраваньня, пра што даводзілася пісаць http://www.svaboda.org/content/article/25279722.html, але крызіс у Крыму робіць гэтую неабходнасьць надзвычай пільнай. Канструкцыя – ўрад, адказны перад Майданам, які ні перад кім не адказны, можа радаваць сваёй прыгажосьцю адэптаў моцы грамадзянскай супольнасьці, але яна абсалютна не прыдатная для вырашэньня такіх жорсткіх міжнародных канфліктаў з выразным сілавым складнікам. Калі ўрад у Кіеве будзе рэальнай адзінай уладай над усёй Украінай (акрамя Крыму), калі чалавек са стрэльбай на гэтай тэрыторыі будзе кіравацца не рэвалюцыйнай правасьвядомасьцю і загадамі палявых камандзіраў, а выключна загадамі таго самага ўраду – з такім ўрадам Масква будзе прынамсі лічыцца. З цяперашнім, на жаль, проста ня лічыцца. Дарэчы, напрыканцы 1918 году бальшавікі здолелі сілай скасаваць Берасьцейскую дамову ня толькі з прычыны зьмены міжнароднай сытуацыі, але і таму, што якое-ніякае войска на той час у іх ужо зьявілася. Менавіта сваё і менавіта войска, а не рэшткі царскай арміі і не партыйная міліцыя.
Але пакуль, калі толькі дыпляматычнае мастацтва і неймавернай сілы міжнародны ціск не прымусяць Расею пакінуць Крым, «Берасьцейская дамова» ўяўляецца амаль што непазьбежнай. Ці, калі працягваць гістарычную аналёгію, рэалізацыя формулы Троцкага тых часоў – ні міру, ні вайны, юрыдычнае непрызнаньне і фактычнае прызнаньне анэксіі. Да лепшых часоў.