Менску не далі паўмільярда даляраў

Эўразійскі банк разьвіцьця рэкамэндаваў радзе Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС адкласьці разгляд пытаньня аб выдзяленьні Беларусі шостага траншу крэдыту ў памеры 440 мільёнаў даляраў.
Такое рашэньне грунтуецца на тым, што беларускія ўлады ня выканалі шэраг парамэтраў крэдытнай праграмы. Экспэрты прагназуюць, што грошы могуць дайсьці да Менску толькі ў трэцім квартале гэтага году.

Экспэрты банку адзначаюць: Беларусь ня выканала 10 паказьнікаў крэдытнай праграмы, палова зь якіх — кантрольныя. Гэта найперш тычыцца валютных рэзэрваў і прыватызацыі. Такая палітыка беларускіх уладаў «прыводзіць да скарачэньня міжнародных рэзэрваў краіны, ціску на валютны курс і росту зьнешняга доўгу».

«Экспэрты і раней канстатавалі, што Беларусь не выконвае шмат якія абавязаньні. Але тады іхныя рэкамэндацыя не былі такімі жорсткімі. І ўсё ж не за фінансістамі тут будзе апошняе слова», — лічыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

«Гэта палітычнае рашэньне — даваць ці не даваць грошы. І Пуцін гэта ўжо прадэманстраваў некалькі разоў. Але ж гэтым разам расейскі бок паказвае, што яго не задавальняе прыватызацыя ў Беларусі. І Крэмль пачаў ціск на Лукашэнку, каб той пасьпяшаўся з прыватызацыяй. Найперш з прадпрыемствамі, якія зьвязаныя з энэргетыкай і „ваенкай“. Гэта і МЗКТ, і „Пеленг“, і „Інтэграл“, і „Азот“, і нафтаперапрацоўка.

Праз рашэньне не сьпяшацца з чарговым траншам Масква хоча паказаць Лукашэнку, што ягоная залежнасьць ад Крамля становіцца крытычнай. І больш даваць яму грошы без прыватызацыі ў Маскве не зьбіраюцца».

«Фармальна гэтыя грошы лічацца ўласнасьцю ЭўрАзЭС. Але ж насамрэч рашэньне тут прымае Расея, бо яна цалкам кантралюе гэты фонд», — адзначае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

«Калі зноў будзе добрае стаўленьне да Беларусі з боку Расеі, то гэтыя грошы рана ці позна прыйдуць у Менск. Таму, з аднаго боку, безумоўна, важна, што прадстаўнікі банку зьвяртаюць увагу на шматлікія недахопы. А з другога боку, паколькі канчатковае рашэньне — больш палітычнае, а не эканамічнае, то і гэта можа быць пераадолена. Як звычайна і было раней».

«У Расеі і Беларусі настолькі спэцыфічныя дачыненьні, што калі гаворка ідзе пра крэдыты, эканамічныя меркаваньні часта саступаюць палітычным», — сказаў Свабодзе доктар эканамічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту эканомікі расейскай Акадэміі навук Мікіта Крычэўскі:

Мікіта Крычэўскі

«Мяркую, што пытаньне з адтэрмінаваньнем апошняга транша крэдыту Беларусі ад Эўразійскага банку — пытаньне больш палітычнае, чым эканамічнае. Безумоўна, Беларусь не выконвае некаторыя патрабаваньні для атрыманьня крэдыту ў 440 мільярдаў даляраў. Але на гэта ёсьць аб’ектыўныя акалічнасьці. І я ўпэўнены, што пасьля іх усебаковага і аб’ектыўнага разгляду і аналізу транш будзе выдадзены. Прычым выдадзены значна раней, чым праз паўгода».

«Амаль паўмільярда даляраў — гэта даволі значная сума для Беларусі», — кажа Яраслаў Раманчук:

«Гэта столькі ж, на колькі зьменшыліся золатавалютныя рэзэрвы краіны за адзін толькі студзень. Яе нельга назваць крытычнай у цэлым. Але калі цягам сёлетняга году трэба вярнуць 3,6 мільярда даляраў пазыкі і пры гэтым невядома, адкуль узяць павелічэньне валютнай выручкі, то кожныя паўмільярда ўжо выглядаюць як набліжэньне да крытычнай рысы. Асабліва калі ўлічваць, што транш — гэта ня проста наяўныя грошы, а яшчэ і, як у нас любяць казаць, у цьвёрдай валюце».

Выдзеліць Беларусі крэдыт памерам 3 мільярды даляраў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС было пастаноўлена летам 2011 году. Сродкі выдзяляліся на стабілізацыю плацёжнага балянсу і падвышэньне канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі. Пяць траншаў ужо атрыманыя. Шостага ў Менску чакалі яшчэ ў лістападзе 2013 году.