Новы слон за 100 тысяч эўра

Сяргей Астраўцоў

У Горадні пабудавалі сланоўнік – пад новага слана. Калісьці слон быў, але трымалі яго ў цеснай «аднапакаёўцы», побач меў загарадку для шпацыру, дзе й курам было б не разагнацца. Амаль што на месцы прастаяў небарака некалькі дзясяткаў гадоў, ногі адмовілі, памёр.

Зьвяры ў клетках на пацеху гараджан – спрэчная забава. Апошнім часам заапаркі трапілі ў першыя радкі навін. У Даніі забілі жырафа і навастрылі нож на другога (чачэнскі начальнік Кадыраў пашкадаваў, прапанаваў забраць ад негуманных датчан, і яны перадумалі). У гарадзенскім заапарку не зразумелі: якая зь дзьвюх ільвіц пакінула без рукі кабету-кухарку, якая пасьля працы вырашыла наведацца да драпежніц. Абедзьве львіцы паводзяцца звычайна, не маркоцяцца і не нэрвуюцца. Была ахвяра нападпітку, паведамілі гарадзенцам. Што ж, зьвяры ня любяць алькаголю, даўно вядома.

Адна зь дзьвюх ільвіц


Зьвяроў у клетках любяць і шкадуюць. Вось і гарадзенка нібыта палашчыць хацела львіцу, як ката. Між іншым, на адным сайце здарэньне зь ёю трапіла ў рубрыку «У сьвеце жывёлаў. Цікавыя і забаўныя навіны». Што ж, хоць без рукі, але жывая. У Горадні ўспомнілі адразу свайго слана, яму й насьмерць даводзілася забіваць. Таксама даглядчык зазірнуў неразважна. Хоць памяць у Горадні кароткая і фантазійная ў людзей. Пачытаць гісторыю заапарку: то слон зь Віетнаму быў і нават парачка, то з ГДР – апошняя вэрсія. То ён індыйскі, то раптам – «арабскі», хаця такіх, здаецца, не існуе. Прычым усё пераблытана: пішуць, што апошні слон прыехаў у 1964 годзе, пражыў 45 гадоў, каб памерці ў 2002-м. Яўна, з арытмэтыкай гарадзенцы не сябруюць.

Гісторыя слана падобная на ўсю беларускую мінуўшчыну, дзе часам сам чорт нагу зломіць. Чытаем: «30 жніўня 1955 году зь Віетнаму ў Гарадзенскі заапарк упершыню паступіў індыйскі слон», і «ўрачыстая перадача» яго і двух кітайскіх алігатараў «ператварылася ў сьвята з удзелам жыхароў гораду». Што й казаць: цалкам у афрыканскім стылі сьвята. Затым паведамленьне: «У 1963 годзе ў Гарадзенскім заапарку экспанаваліся два сланы» і наступнае – «31 жніўня 1965 году ў Гарадзенскі заапарк паступіў індыйскі слон Сурак».

Так што невядома, колькі насамрэч сланоў знайшло сваю сьмерць у горадзе над Нёмнам. На колькіх сланах стаіць Горадня. І колькі небарак яны затапталі. Бо я сам памятаю пра апошнюю ахвяру, якую ўсе лічылі адзінай. Але чытаю сёньня «ўдакладненае» паведамленьне, разам трагічнае і сьмешнае: «Гарадзенскі заапарк не пакідае надзеі на тое, што калі-небудзь слон, падобны характарам на агульнага ўлюбёнца Сурака (нагадаю, што за сваё жыцьцё Сурак забіў чатырох чалавек), які пражыў у заапарку каля сарака год, усё ж паявіцца ў Горадні». Таму, маўляў, і «аднавілі сланоўнік».

Новы сланоўнік


Хаця сказаць дакладна: пабудавалі новы. Малайцы! Сурака прывезьлі яшчэ, можна сказаць, хлопчыкам, ніхто ня думаў, што слон робіцца гаргарай, і яму трэба больш месца для жыцьця. Дзіўна было чытаць, калі памёр слон, што трэба неадкладна скінуцца на новага. У народу ніякага паняцьця, што патрэбна перш умовы для жывёлы, а потым яна сама. Але разумныя людзі ёсьць: заапарк пашырылі, перабудавалі. Цяпер лепей: для слана сто мэтраў памяшканьне і вальер «чатырыста квадратаў». Але слана няма, спадзяваліся атрымаць у падарунак, ня выйшла, а каштуе новы больш за сто тысяч эўра.

Не зважаючы, што Сурак воляй-няволяй аказаўся сэрыйным забойцам (калі толькі на яго не «навешалі» чужыя ахвяры), народ яго вельмі любіў. Ці жарты: адзіны беларускі слон! Калі захварэў, рахунак быў адкрыты ў банку для яго, прадукты прыносілі, лекі. Два мужчыны ахвяравалі каністру сьпірту «на прымочкі» для хворых ног. Аднойчы ён «зноў затрубіў», што расцанілі як добры знак, але жыцьцёвы рэсурс быў вычарпаны, слон памёр. Яго шкілет пазьней ператварылі ў экспанат заалягічнага музэю.

Між іншым, застаўся ён назаўжды і ў літаратуры, у гарадзенскім рамане Аляксея Карпюка «Карані». Вясковы дзед Лаўрэн, якога дзеці забралі ў горад, сустракае ў заапарку аднавяскоўку, якая хоць прыбіральшчыца, але ўсё раскажа пра зьвяроў і пра Сурака, які стаў «як цыстэрна». Бо «жарэ ў дзень» «аднаго хлеба дванаццаць буханак! Восемдзесяць (так у тэксьце) кіляў травы ў трыбух набівае, трыццаць – буракоў». Дзеду дзіўна. А старая ніяк не сунімаецца – да апошняга гарохавага струка падлічыла абеды небаракі слана, які трапіў у Горадні ў зацесныя для больш-менш нармальнага жыцьця ўмовы.

Праўда, пісьменьнік піша, што гэта ад любові прыбіральшчыца Сонька такая дробязная: «Жанчына паказала на свайго любімчыка, які зводдаль цераз сталёвыя бэлькі зьвесіў зморшчаную халяву хобата ды рахмана міргаў сьветлымі вейкамі з рэдзенькім іглістым шчаціньнем і нібы зь цікавасьцю прыслухоўваўся, што пра яго гавораць».

«Сурак рахманы, бы іншая карова», падсумоўвае Сонька з «Каранёў». Ну і колькі ж ён насамрэч гарадзенцаў на могілкі мог адправіць? Хто скажа? Характар жа меў рахманы, беларускі. І любілі яго па-сапраўднаму, плакалі некаторыя, калі памёр, намучыўшыся. Наш слон, герой раману. Якім будзе новы? Сачыце за навінамі з заапаркаў.

Гарадзенскі заапарк