Лукашэнка пра кітайскі парк: бязладзьдзе з боку ўраду

Ліпень 2013 году. Грамадзкае абмеркаваньне праекту тэхнапарку ў Смалявічах

Стварэньне кітайска-беларускага тэхнапарку «тоне ў лявіне бюракратызму», заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай рэалізацыі праекту.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка скрытыкаваў тэмпы рэалізацыі праекту стварэньня кітайска-беларускага індустрыяльнага парку і адзначыў, што ў фінансаваньні праекту няма яснасьці, а чыноўнікі ў пытаньнях прыцягненьня рэзыдэнтаў выяўляюць пасіўнасьць, паведамляе Інтэрфакс.

«Нягледзячы на вялікае дзяржаўнае значэньне, якое надаецца парку, працэс яго стварэньня не ідзе ніяк», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў пятніцу ў Менску на нарадзе па пытаньнях кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

«Гэта яшчэ адно бязладзьдзе з боку ўраду і адказных асобаў: калі вы так плянавалі ствараць гэты парк, навошта наогул трэба было брацца за яго?»

Ён зьвярнуў увагу, што толькі на распрацоўку і ўзгадненьне генэральнага пляна парку пайшло 8 месяцаў. «Студэнт за суткі, а, можа, і за ноч перад абаронай дыплёма вычарціў бы яго», — абурыўся кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, працягнуў ён, адказныя чыноўнікі «потым апамяталіся і заяўляюць, што ня тое начарцілі».

Акрамя таго, А.Лукашэнка выказаў незадаволенасьць, што «да гэтага часу не расстаўленыя ўсе кропкі ў пытаньнях фінансаваньня гэтага праекту — карацей, фінансаваньне наагул не сплянаванае».

Ён таксама нагадаў: калі ідэя стварэньня парку толькі зьявілася, то прадугледжвалася, каб ён ня стаў «проста зборышчам прадпрыемстваў, тым больш такіх, якія ўжо існуюць у Беларусі і вырабляюць тавары»:

«Да прыкладу, навошта нам новы трактарны завод у парку ці завод па вытворчасьці грузавых аўтамабіляў? Такія прадпрыемствы ў нас ёсьць, яны нам у парку не патрэбныя. Мы дамовіліся, што ў Беларусі, у цэнтры Эўропы, калі і ствараць прамвытворчасьць, то яна павінна быць самая перадавая».

Лукашэнка таксама скрытыкаваў працу па прыцягненьні ў тэхнапарк кампаніяў-рэзыдэнтаў:

«МЗС разаслала па амбасадах паўтары тысячы брашур, дало справаздачу — і кропка. Леглі на дно, чакаюць. Што вы чакаеце?»