«А хто гэта такая?» (!)

Шырлі Тэмпл Блэк, 2006

«Ой-ёй-ёй» – з сумам сказаў я, і ўголас прамовіў сёньняшні загаловак ці ня кожнай заходняй газэты – «Памерла Шырлі Тэмпл».
У адказ – раўнадушная цішыня ад маіх калегаў, беларусаў і ня толькі. А потым – «А хто гэта такая?»

Я ізноў выразна ўсьвядоміў, наколькі былы Савецкі Саюз быў адарваны ад заходняга сьвету. І што дзякуючы сёньняшнім тэхналёгіям такая адарванасьць ужо ніколі ня будзе магчымай.

Думаю, усё-ж варта нашым чытачам, хоць і праз амаль сто гадоў пасьля піку ейнай славы, крышку распавесьці пра ўнікальнае жыцьцё, якое сёньня спынілася ў Каліфорніі.

У 1934 годзе Шырлі Тэмпл была самай яркай і вялікай зоркай Галівуду. Яна атрымлівала больш фан-лістоў, чым Грэта Гарбо, зарабляла тры мільёны ў год і была сфатаграфаваная больш разоў, чым прэзыдэнт Франклін Д. Рузьвэлт.

Ёй было шэсьць гадоў.

І ўжо тады, яна была ляўрэаткай шмат-жаданага Оскара.



У 23-х фільмах, зробленых на працягу 1930-х гэтая дасьціпная дзяўчынка зьзяла, сьпявала, танцавала, ейная галоўка залатых кучараў, ямачкі на шчоках – зачароўвалі і суцяшалі змрочны народ, які ў большасьці апынуўся ў цісках эканамічнай дэпрэсіі.

Яна гойдалася на каленях шэфа паліцыі Джэй Эдгара Гувэра, авіятаркі Амэліі Эргарт і першай лэдзі краіны Элэанор Рузьвэлт. Шырлі Тэмпл-лялькі былі бэстсэлерамі і ўваходзілі у калекцыю ці ня кожнай дзяўчынкі тае эпохі. Да сёньняшняга дня амэрыканцы заказваюць безалькагольны «кактэйль», названы ў ейны гонар.

Шырлі Тэмпл была «America’s Sweetheart” – любіміцай Амэрыкі.

А потым яна падрасла, стала больш-менш звычайным падлеткам і кар'ера стала гаснуць. Яна пайшла ў адстаўку як кінаартыстка, калі ёй было ўсяго 22 гады.

Аднак замест таго, каб схавацца ў настальгію, Шырлі Тэмпл стварыла для сябе пасьпяховую іншую кар'еру.

У 1960-я гады, цяпер Шырлі Тэмпл Блэк стала вялікім фундатарам рэспубліканскай партыі і прызначанай прэзыдэнтам Ніксанам дэлегаткай ЗША у Генэральнай Асамблеі ААН, а ў 1970-я адслужыла два гады на пасадзе пасла ЗША ў афрыканскай Гане. У Празе ў жніўні 1968-га як прадстаўніца дабрачыннай арганізацыі Шырлі Тэмпл Блэк апынулася у дзень захопу горада савецкімі танкамі. У 1989-м прэзыдэнт Джордж Буш старэйшы прызначыў Шырлі Тэмпл Блэк амбасадарам ЗША у Чэхаславаччыне. Вярнуўшыся ў Прагу новая амбасадар была прыемна зьдзіўленая навіной, што 50 гадоў раней у Чэхаславаччыне ўжо быў Шырлі Тэмпл фан-клюб і былыя аматары падносілі ёй свае членскія картачкі для аўтографа.

Як многа гадоў пазьней у Беларусі гэта зрабіла Ірына Казуліна, у 1972-м годзе Шырлі Тэмпл стала першай славутай жанчынай Амэрыкі, якая адкрыта загаварыла пра тое, што перанесла апэрацыю ампутацыі грудзі ў выніку ракавага дыягназу. Дагэтуль лічылася, што казаць пра гэта публічна няёмка, але Блэк падштурхнула Амэрыку і жанчын з падобным дыягназам да большай празрыстасьці у гэтым пытаньні. «Не ізалюйце самі сябе і перастаньце баяцца» – паўсюдна тады раіла яна хворым жанчынам.

Шырлі Тэмпл Блэк было 85 гадоў. Ейны партрэт, адзін са шматлікіх фатаграфіяў славутасьцяў, што вісяць уздоўж калідораў нашага Радыё.

Я параіў некаторым калегам нарэшце зьвярнуць на яе ўвагу.

Астраномы кажуць, што сусьвет увесь час пашыраецца. Гэта справядліва ў дачыненьні да ведаў пра мінулае.