Пасьля чумы: скварку — забралі, чарку — пакінулі

У Беларусі зьняты карантын па афрыканскай чуме сьвіней. Але ў той жа час працягвае дзейнічаць забарона на ўтрыманьне жывёлы ў прыватных гаспадарках у пяцікілямэтровай зоне ад сьвінакомплексаў.
Цяпер, калі карантын адмянілі, я пацікавіўся, як справы ў тых мясьцінах, адкуль гучалі рэпартажы Свабоды пра масавае зьнішчэньне сьвіней падчас эпідэміі.

Усё пачалося з невялікае вёскі Чапунь, што ў Івейскім раёне. Там жыве каля сарака чалавек, пераважна пэнсійнага веку. Амаль у кожным двары трымалі сьвіней. Цяпер ва ўсёй вёсцы няма ніводнага парасяці. Пра гэта мне апавяла спадарыня Сьвятлана.

Яна кажа, што людзі дагэтуль не адышлі ад таго стрэсу, тым болей ім на цэлы год забаранілі купляць сьвіней. І дадае, што на ўсю вёску засталася толькі адна кароўка, ды на падворках яшчэ трымаюць курэй:

«Усё тады пайшло пад агонь. За вёскай капалі вялікую яму і ўсё туды складзіравалі, спальвалі, засыпалі. Так што ў нас пакуль сьвіней няма ні ў кога. Аўталаўкі езьдзяць, харчы прывозяць, і ніхто пра сьвіней, напэўна, і не задумваецца...»

Выкінутая сьвіньня пры дарозе ў Чапунь, чэрвень 2013-га


Спадарыня Надзея зь вёскі Валеўка Наваградзкага раёну кажа, што сьвіней у вёсцы засталіся толькі лічаныя адзінкі і нават сала цяпер ніхто не прадасьць. Узгадвае, як хадзілі правяралі ў людзей хлявы, як людзі калолі сьвіней уначы, як у некаторых забіралі нават заколатыя тушы:

«Ой, што рабілася... Але вось цяпер усё сьціхла, і ўжо няма ні ў кога нічога. От, можа дзе хто хітрэйшы і разумнейшы нейкім чынам захаваў парася якое, каб сабе закалоць...»
Ой, што рабілася... Але вось цяпер усё сьціхла, і ўжо няма ні ў кога нічога

У Лідзкім раёне па хлявах нават хадзілі пракуроры і страшылі людзей вялікімі штрафамі. Спадарыня Алена кажа, што цяпер людзі, шукаючы парасят, езьдзяць нават у іншыя раёны:

«Людзі пакалолі тады нават паросных сьвіней. Даводзілася нават парасят біць і тапіць, бо інакш папросту забіралі. А цяпер я сама праехалася па вёсках — і няма ў каго купіць парасят...»

У вёсцы Капцёўка Гарадзенскага раёну жыхары намагаліся зьбіраць сходы, каб супрацьстаяць зьнішчэньню сьвіней, але ў іх нічога ня выйшла, бо калгасны сьвінакомплекс — у пяцікілямэтровай зоне. Вось што пра ўсё гэта кажа жыхар Капцёўкі спадар Мікалай:

«Сьвіней усіх парэзалі, ніводнай няма. Людзі хочуць трымаць, думаюць, што вясной можна будзе купіць, але пяцікілямэтровая зона паўсюль. У Скідзелі рынак — пяцікілямэтровая зона, у Луньне таксама і ў Індуры. Там нельга сьвіньмі гандляваць. Я кажу, што быў лёзунг — скварка і чарка, а цяпер скварку забралі, а чаркай упівайцеся, каб мазгі ў вас не працавалі».

Паводле адмыслоўцаў, казаць пра поўную ліквідацыю АЧС у Беларусі пакуль не выпадае. Згодна са стандартамі краіна лічыцца стабільнай, калі пройдзе тры гады пасьля апошняга выпадку захворваньня на АЧС. Адмыслоўцы кажуць толькі, што апошнім часам афрыканская чума ў рэгіёне не рэгіструецца.