Місія Міжнароднай арганізацыі працы знаходзіцца ў Беларусі

Сымбаль Міжнароднай арганізацыі працы

Кантактная місія ўплывовай міжнароднай арганізацыі будзе сустракацца з кіраўніцтвам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, прадстаўнікамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Па словах старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, місія прыбыла ў Беларусь у выніку моцнай занепакоенасьці МАТ парушэньнем правоў працоўных і прафсаюзаў у Беларусі. Гэтая занепакоенасьць зафіксаваная ў рашэньнях жэнэўскай канфэрэнцыі.

«Місія павінна была адбыцца яшчэ па восені, але толькі цяпер узгаднілі нарэшце з урадам яе перабываньне тут», — апавядае Ярашук.

Вядома, сам прыезд місіі МАТ сытуацыю з правамі працоўных ураз не палепшыць, — кажа Ярашук.

«Але для нас выключна важна наступнае: мы лічылі і лічым, што МАТ — досыць эфэктыўны інструмэнт ціску на беларускія ўлады. Вы ведаеце, што менавіта на падставе заключэньняў МАТ прымаюць рашэньні шматлікія міжнародныя структуры. У свой час ЭЗ, менавіта грунтуючыся на заключэньнях МАТ, у 2007 годзе скасаваў для Беларусі гандлёвыя прэфэрэнцыі. Гэтыя заключэньні і вывады могуць быць крыніцай і іншых, значна большых непрыемнасьцяў для беларускіх уладаў. Таму мы лічым важным візыт і сёньняшняй місіі».