Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна прымусовай працы


Зьлева направа: Валянцін Стэфановіч, Аляксандар Ярашук, Павал Сапелка і Гары Паганяйла
Зьлева направа: Валянцін Стэфановіч, Аляксандар Ярашук, Павал Сапелка і Гары Паганяйла

Камітэт эканамічных, сацыяльных і культурных правоў ААН запатрабаваў ад Беларусі выправіць парушэньні ў галіне правоў працоўных і вырашыць праблему прымусовай працы.

Гэта сталася вынікам справаздачы, падрыхтаванай Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека і праваабарончым цэнтрам «Вясна». Яна была прэзэнтаваная на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека.

Супольная праца міжнародных і беларускіх праваабаронцаў атрымала назву «Беларусь. Паўсюдныя парушэньні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі». Чаму для дасьледаваньня была абраная тэма сацыяльнай справядлівасьці, патлумачыў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

«Часта кажуць пра тое, што ў Беларусі парушаюцца грамадзянскія і палітычныя правы, але гэта стабільная краіна, дзе ёсьць сацыяльныя гарантыі, – што гэта такі сацыялістычны рай. Наша праца – гэта фундамэнтальны погляд на гэтую праблему як праваабаронцаў. Гаворка і пра добраахвотна-прымусовыя суботнікі, і пра працу вайскоўцаў на будоўлях, і пра працу так званых асацыяльных элемэнтаў. Зрэшты, прымусовая праца – яна ў той ці іншай ступені закранае ўсё нашае грамадзтва».

Пытаньні паўсюдных парушэньняў правоў працоўных разам з праваабаронцамі дасьледавалі таксама і незалежныя прафсаюзы. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук таксама лічыць, што пра захаваньне сацыяльна-эканамічных правоў працоўных у Беларусі казаць не выпадае, і выказвае меркаваньне адносна першапрычынаў гэтай зьявы:

«Прапанаваны грамадзтву рэсурс сацыяльна-эканамічнай мадэлі выпрацаваны цалкам. І ніякія кантракты, ніякая прымусовая праца сытуацыю ўжо ня выратуюць, бо беларуская эканоміка татальна неэфэктыўная. Вельмі добра, што мы разам знайшлі вельмі балючую тэму, у якой можам супольна працаваць – і праваабаронцы, і незалежныя прафсаюзы».

Асноўныя парушэньні, на якія зьвяртаюць увагу праваабаронцы, – гэта нізкааплатная і прымусовая праца сярод вайскоўцаў, студэнтаў, зьняволеных, асобаў з алькагольнай залежнасьцю, кароткатэрміновыя кантракты як элемэнт прымусовай працы, абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ і іншыя. Бальшыня гэтых захадаў – малаэфэктыўныя і карныя, кажа сябра праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Гары Паганяйла.

«Беларусь не прытрымліваецца шэрагу міжнародных стандартаў у галіне прымусовай працы. Такія паводзіны дзяржавы, канечне ж, выклікаюць і наша абурэньне, і вострую крытыку міжнароднай супольнасьці. Накіроўваюцца адпаведныя рэзалюцыі, але ў палітычным, выканаўчым пляне – нуль, у сэнсе пазытыўных сустрэчных крокаў. Гэта таксама характарызуе кіраўніцтва краіны як абсалютна неадэкватнае сучаснаму разуменьню і правоў чалавека, і цывілізаваных адносінаў са сваімі грамадзянамі. Мы сапраўды знаходзімся ў дзікай і цёмнай краіне», – адзначыў Гары Паганяйла.

29 лістапада 2013 году Камітэт эканамічных, сацыяльных і культурных правоў ААН заклікаў Беларусь перагледзець сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў, перагледзець адпаведнае заканадаўства і забясьпечыць рэальную і эфэктыўную сацыяльную абарону правоў насельніцтва Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG