Вядомы галяндзкі рэжысэр працуе ў Галівудзе, з радзімы зьехаў без шкадаваньня. Чаму? Галяндцы ня любяць пасьпяховых людзей, кажа гэты чалавек.
Ведаў бы ён: беларусы ня любяць, калі ты проста нешта зрабіў нармальна. Грамадзкім чынам, зрабіў для ўсіх, нічога за працу не атрымаўшы. Яны табе не даруюць.
Убачыў у інтэрнэце свой здымак, не сказаць вясёлы, хоць я ў той момант, можна сказаць, жартаваў. Новы замак у Горадні, прэзэнтацыя літаратурнага альманаху «Новы Замак» (другога нумару), які я складаў і назву якога і канцэпцыю прыдумаў. Падзея! Але ўявіце сытуацыю: ты нешта вартае зрабіў, але ісьці табе вельмі ня хочацца, бо там будуць асобы, якім карціць быць судзьдзямі і пракурорамі. Табе ўжо вядома: ім нецікава цябе слухаць. Яны робяць выгляд, што цябе няма, што альманах – зусім не дасягненьне і што ён зьявіўся нібы сам сабой. Але вядучая прапануе тады: хаця б пажартуйце проста. І выціскаеш зь сябе жарт: некаторым тут дужа не спадабалася назва «Новы замак». Але як яшчэ назваць? «Каложа», бадай, не падыдзе: уявіце сабе набажэнства з альманахам і з бацюшкам. (Якраз мне здымак зрабілі, калі я вочы ўгору ўзьняў, у інтэрнэце які). Адзінае, кажу, па суседзтву Стары замак, таксама можна было б дамовіцца з прэзэнтацыяй, калі назву зьмяніць. Такі вымучаны жарт экспромтам атрымаўся.
Аўтары таксама выступаць ня мелі імпэту, сядзелі як мышы пад мятлой, пачуўшы, што вартае ў нумары напісанае толькі мёртвым паэтам. У залі сядзелі супрацоўнікі абласной бібліятэкі, мноства чужых людзей, ім было няўцям – што тут за разборкі. А гэта быў проста працяг «традыцыі».
Калі чальцы нашай абласной пісьменьніцкай філіі самы першы раз убачылі альманах, запанавала мёртвая цішыня, пачалі вышукваць блохі. Ніхто не пацешыўся, што цэлых 26 гадоў не было супольнага выданьня і вось яно — выглядае неправінцыйна, назва цікавая, гарадзенская, прыемна ў рукі ўзяць. Як удалося так хутка зрабіць прыгожа, якія цяжкасьці былі? Іх гэта не цікавіла, іх раздражніла твая праца. Яны знарок пачалі ўголас пляны будаваць, паказваючы, што ты для іх не існуеш.
Зрэшты, пасьля першага «культурнага шоку» быў час палагаднець. Але ж не! Наступным разам асоба, якая навязвала назву «Крэсы» (!), пачала ганіць: «На вокладцы чамусьці зьмясьцілі сфінкса (адзін з двух каралеўскіх сфінксаў брамы Новага замку) – «істоту, якая пажырае сваіх дзяцей». Сама назва «Новы замак» таксама дрэнная! Бо яе (асобу) сюды, у «абкам партыі» выклікалі калісьці «на размовы», і на шпілі з тых часоў дагэтуль засталася (а-я-яй!) пяціканцовая зорка... Вось так: на поўным сур’ёзе! А той рэжысэр кажа – галяндцы непрыхільныя, пабываў бы ён у нас.
Ад беларусаў марна чакаць удзячнасьці. Яны ў палоне былых савецкіх газэтных стэрэатыпаў, якія сталі сучаснымі тэлестэрэатыпамі з навінаў БТ: лепей суровы, непрымірымы, твар, чым «няшчырая амэрыканская ўсьмешка». Так, непрыхільны менавіта, але затое «шчыры»! Знай нашых! Адзін паэт мне раіць: ня варта зьвяртаць увагу, проста ў нас калі працуюць у дзяржаўнай установе, дзе да людзей ставяцца звычайна бяздушна, ня цэняць, то яны пераймаюць паводзіны. Знайшоў апраўданьне!
Вось жа ўстаюць менчукі з Саюзу пісьменьнікаў, гавораць ім: перастаньце, альманах у вас добры, яго за ўзор у іншых абласьцях узялі, і выгляд, і пабудову, які яшчэ патрэбны прыклад? Нават назву! Раней бралі раку — Нёман, Дняпро. Але цяпер пасьля гарадзенскага ў Магілёве выйшла «Брама», у Гомелі падрыхтавалі «Палац». А ў Віцебску можа будзе «Ратуша», напрыклад? Але ж ня чуюць! Трэба непрымірымы твар мець, не даваць паслабкі!
Ты цягам году падрыхтаваў два нумары, разам – пяцьсот старонак? Дрэнна! Прывыклі ў сябе на блогах пісаць хутка! Рабіць трэба марудна, пісаць марудна. У выніку «піша» чалавек пра паэтычны зборнічак больш за год. Яны не карыстаюцца кампутарам і электроннай поштай. А калі маюць яго, то ня могуць у тэксьце зрабіць праўкі (!). Табе прыносяць выдрукаванае чужое апавяданьне з паўсотняй выпраўленьняў! Але ж я не карэктар! Хоць выконваю так ці інакш добраахвотна працу невялікай рэдакцыі. Яны засталіся ў мінулым часе і ня хочуць зразумець, што іхная роля – не перашкаджаць.
Дзіва, але мне часам з палякамі лягчэй бывае, чым зь землякамі. Тыя самі пра сябе могуць сказаць: «паляк паляка ўтопіць у лыжцы вады». Але яны нацыянальна зьяднаныя людзі, згуртаваны народ. Можна і пажартаваць крыху зь сябе, не пашкодзіць. А вось у беларусаў з жартамі пра сябе швах і згуртаванасьці нуль. Самацешацца адно: мы рахманыя, мы памяркоўныя і супэрталерантныя! Хоць да ранаў прыкладай. Брыдка. Бо хлусьня. Зжэрці цябе гатовыя з вантробамі.
Ведаеце, што той галяндзкі рэжысэр яшчэ сказаў? Калі ствараюць канфліктную сытуацыю, не хавайце галаву ў панцыр, як чарапаха. Інакш толькі пагоршыце, яны вырашаць, што аб вас можна ногі выціраць. Напэўна меў рацыю… У іх не павернецца язык дзякуй сказаць, няхай будзе няшчыра, перажывем! Але ж не, ніколі! У іх свой палітэс. Аднак калі ты, патраціўшы два месяцы свайго жыцьця на гэты самы «Новы Замак», працуеш проста «за дзякуй», а спатыкаеш толькі хваравітую рэўнасьць у адказ, то які ў цябе застаецца стымул? Ніякага. Напэўна гэтага яны і дамагаюцца, няхай толькі падсьвядома, але такія яны – беларусы, землякі. Да ранаў лепей не прыкладаць. Супрацьпаказана.