Імем загінулага беларуса зьбіраюцца назваць вуліцу ў Львове

Міхаіл Жызьнеўскі

Львоўская «Свабода» прапанавала прысвоіць званьне «Ганаровы грамадзянін горада» пяці загінулым удзельнікам сутычак у Кіеве і выплаціць матэрыяльную дапамогу іх сем’ям у памеры 5000 эўра.
Як піша сайт ВА «Свабода», Львоўскай гарадзкой радзе прапануецца прысвоіць званьне «Ганаровы грамадзянін горада» пяці загінулым — Сяргею Нігаяну, беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму, львавяніну Юрыю Вярбіцкаму і яшчэ двум неапазнаным асобам — і ўсталяваць матэрыяльную дапамогу ў памеры 50 000 грн сем’ям загінулых.

Гэтую прапанову ад імя 55 дэпутатаў агучыў намесьнік кіраўніка фракцыі «Свабода» ў Львоўскай гарадзкой радзе Любамір Мельнічук.

Паколькі «Свабода» мае бальшыню ў мясцовай Радзе, а большасьць дэпутатаў цяпер знаходзяцца ў Кіеве, Мельнічук прапанаваў супольнасьці горада прагаласаваць за прапанаваны праект рашэньня.

«Супольнасьць горада аднадушна ў сваім імкненьні годна ўшанаваць памяць загінулых герояў і матэрыяльна падтрымаць іх сем’і. Такім чынам, наш наступны крок — мы перадаём рашэньне на выкананьне мэру Львова Андрэю Садоваму», — адзначыў Любамір Мельнічук.