Жыхары Казіміроўкі: Пра выбары нічога ня чулі, ад дэпутатаў карысьці няма

Жыхарка Казіміроўкі кажа, што ня ведае сваіх дэпутатаў

Выбарчая кампанія пакуль не дайшла да вёсак Гарадзеншчыны. Многія вяскоўцы ўвогуле ня бачаць сэнсу ў выбарах, бо за ўвесь час ніводзін з дэпутатаў не пацікавіўся іхнімі жыцьцёвымі праблемамі.
Вёска Казіміроўка прыкладна за дзесяць кілямэтраў ад Горадні. Сёньня даволі марозна і на вуліцы амаль бязьлюдна, толькі дымок з каміноў цягнецца высока ў неба. У краму, тым ня менш, час ад часу заходзяць вяскоўцы. Зь імі размаўляем пра выбарчую кампанію.

Пытаюся ў сваіх суразмоўцаў — што яны чулі пра мясцовыя выбары, ці прыходзяць ініцыятыўныя групы зьбіраць подпісы за прэтэндэнтаў у кандыдаты?

Your browser doesn’t support HTML5

Жыхары Казіміроўкі: Пра выбары нічога ня чулі, ад дэпутатаў карысьці няма


Спадар: «Пакуль ніхто нічога ня кажа».

Спадарыня: «Ніхто нічога ня кажа, нават нідзе не напісана, што выбары павінны быць».

Ініцыятыўных групаў таксама пакуль у вёсцы не было ніякіх, і подпісаў ніхто не зьбіраў. Пытаюся — навошта яны абіраюць мясцовыя Саветы і якую маюць для сябе ад гэтага карысьць? Адзін спадар спрабуе тлумачыць.

Спадар: «Наагул, пакуль пра выбары нічога ня кажуць. Але нейкая карысьць ад іх павінна быць, інакш навошта мы іх абіраем? У іх жа павінна быць нейкая ўлада, бо навошта тады ўся гэтая каніцель? Яны павінны нешта рабіць, павінны. Але што канкрэтна — ня ведаю».

Яшчэ адзін спадар з свайго жыцьцёвага досьведу абураецца бязьдзейнасьцю мясцовых Саветаў. Кажа, што на выбары ня ходзіць, але сябры ўчастковай камісіі самі прыяжджаюць са скрыняй дахаты, бо ім, маўляў, патрэбны добрыя паказчыкі.

Спадар: «З чым ні зьвяртаемся, нічога для нас ня робяць. Я нават і ня ведаю, за каго галасаваць. Вунь летась малако ў нас не прымалі, і колькі мы ні зьвярталіся, так нічога і не зрабілі. Наадварот, прыклалі ўсе намаганьні, каб мы не маглі здаць малако. Я сам тэлефанаваў у Народны кантроль на „гарачую лінію“, а мне адказалі, што мы гэтымі пытаньнямі не займаемся і не дурыце галавы. Яны спэцыяльна робяць, каб людзі нічога не трымалі, а толькі пілі гарэлку...»

Прадавачка ў краме дадае, што людзі свае праблемы могуць толькі між сабой абгаварыць, а на нейкую дапамогу ад мясцовых Саветаў ніхто не разьлічвае.

Пытаюся — ці часта мясцовыя дэпутаты сустракаюцца з выбарцамі ў вёсцы?

Спадарыня: «Ведаеце, ніякай помачы вёсцы ад іх няма. Я працую ўжо трэці год, і за гэты тэрмін яшчэ ні разу зь іх ніхто не прыяжджаў, каб тут у цэнтры каля магазіна сабраць людзей, запытацца пра іх праблемы — ні разу такога не было».

Прадавачка крамы ў Казіміроўцы распавядае, што за тры гады ніводзін дэпутат не прыехаў у вёску і не пацікавіўся, якія ў людзей праблемы


Дадае іншая спадарыня: «А якая ад іх помач? Я атрымліваю пэнсію мільён з капейкамі, можаце сабе ўявіць такую пэнсію? Мой тата загінуў на Курскай дузе, я тады была малая і яго ня памятаю нават. Мужык памёр, засталася адна, то во цяпер хоць унучачка ёсьць. Хаджу паліць у кацельні, то нават паўтара мільёна не атрымліваю — вось так падманваюць. А хаджу і ўначы па тры-чатыры разы...»

Прадавачка дадае, што насамрэч на вёсцы людзям на адзін заробак жыць стала вельмі складана, бо кароў не далі трымаць, а ў мінулым годзе яшчэ і ўсіх сьвіней панішчылі.

Спадарыня: «Муж працуе ў калгасе, і вы ведаеце, які ў яго заробак? Мільён сто. І так будзе атрымліваць усе пяць месяцаў. Вось як жыць? Ён працуе, у іх рамонт, рукі ў холадзе, круцяць, вінцяць, а заробак — мільён. І пражыві. Лукашэнка выступаў, казаў пра 450 даляраў у месяц, а іх няма. Разумееце, няма 450 даляраў у месяц».