Чарга да «Дароў трох вешчуноў» пачынаецца з трэцяй гадзіны ночы

Your browser doesn’t support HTML5

Чарга па Дары ў мароз

Праваслаўныя вернікі з розных гарадоў Беларусі гэтымі днямі едуць у Менск, каб пабываць у храме Ёва Шматпакутнага пры Доме міласэрнасьці, дзе цяпер знаходзяцца «Дары трох вешчуноў».
Каб пакланіцца сьвятыні, якую ўпершыню даставілі ў Менск з манастыра сьвятога Паўла на гары Афон у Грэцыі, беларускія вернікі становяцца ў чаргу а трэцяй гадзіне ночы.

Чарга да храму Ёва Шматпакутнага трывае чацьвёрты дзень, не зважаючы на дваццаціградусны мароз, які стаў у Менску апошнімі днямі. Бальшыня стараецца трымацца бадзёра, бо шмат хто прыехаў зь іншых гарадоў і мае намер, што б ні сталася, трапіць да сьвятыні:

Спадарыня: «Мы задаволеныя, усё цудоўна, надвор’е кляснае».

Карэспандэнтка: «Ня зьмерзьлі?»

Спадарыня: «Не, ніколькі ня зьмерзьлі і атрымліваем задавальненьне ад працэсу стаяньня».

Карэспандэнтка: «А што ведаеце пра рэліквіі, да якіх ідзяце?»

Спадарыня: «Мала што ведаю, яшчэ толькі далучаюся»

Карэспандэнтка: «Бачу, вы ўсёй сям’ёй — адкуль прыехалі?»

Спадарыня: «Так, я з дачкой, ёй дванаццаць гадоў, з Кобрыня прыехалі. Стаялі дзесьці дзьве гадзіны. Зьмерзьлі толькі крыху, калі ўжо падыходзілі».

Карэспандэнтка: «Ведаю, што дзяцей асобна прапускаюць, вы не спрабавалі?»

Спадарыня: «Нам сказалі, што толькі да пяці гадоў, таму мы і не спрабавалі. Але прайшлі, ужо ўсё нармальна».

Карэспандэнтка: «Вы зь сям’ёй ці адзін?»

Спадар: «Я адзін зь Лепеля, астатнія працуюць. Вось хачу пакланіцца дарам, якія Хрысту падарылі. Веру ў гэта і спадзяюся, што і мне гэта дапаможа».

Фотарэпартаж з чаргі да «Дароў вешчуноў»


Прывілей перад чаргой маюць толькі інваліды і дзеці да пяці гадоў — іх разам з адным з бацькоў прапускаюць без чаргі. Астатнія сямейнікі са старэйшымі дзецьмі застаюцца стаяць разам зь іншымі дарослымі. Каб ня зьмерзнуць, ідуць грэцца ў палаткі Чырвонага крыжа. Гаворыць валянтэр Чырвонага крыжа:

«Так, да нас вельмі шмат зьвяртаецца людзей. У нас тут дзьве палаткі — адна для дзяцей, другая для дарослых. Людзі прыходзяць, становяцца ў чаргу з трэцяй ночы, а сёньня даволі марозна, дваццаць градусаў, таму даволі шмат зваротаў. Шмат людзей выходзіла-заходзіла, і палаткі працуюць на ўсю моц, наколькі гэта магчыма».

У некаторых палатках можна набыць гарачую гарбату і нават замовіць гарачы блін. А валёнкавая фабрыка прывезла на продаж сваю прадукцыю — рознага памеру валёнкі, якія чарга хутка разьбірае, кажа адна з прадавачак:

Карэспандэнтка: «Ці набываюць валёнкі?»

Прадавачка: «Так, набываюць, вельмі шмат. Мы нават на перапынак на абед ня можам схадзіць».

Карэспандэнтка: «Адкуль вы прыехалі?»

Прадавачка: «Сьмілавічы, валяльна-ваўняная фабрыка».
Для нас асабіста гэта вялікая падзея, якая адбываецца адзін раз за жыцьцё

Уздоўж чаргі таксама шмат інвалідаў і людзей, якія просяць грошы на лячэньне сваім родным. Размаўляць яны адмаўляюцца, як толькі заўважаюць мікрафон. Тым часам многія вяртаюцца з храму, дасягнуўшы мэты свайго паломніцтва:

«Мы прастаялі некалькі гадзін, але прайшлі і вельмі задаволеныя, хоць і шмат людзей. Гэта азначае, што людзі хінуцца да веры, што ім патрэбна духоўнасьць. Для нас асабіста гэта вялікая падзея, якая адбываецца адзін раз за жыцьцё. І для гораду, і для нашай краіны гэта таксама. Гэта вельмі патрэбна, каб узрушыць людзей, навярнуць іх да духоўнасьці».

Як паведамляе афіцыйны партал Беларускай праваслаўнай царквы, каб пакланіцца Дарам Трох Каралёў — так яны называюцца ў каталіцкай традыцыі, храм Ёва Шматпакутнага наведаў каталіцкі мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.