Палата прадстаўнікоў ня хоча павелічэньня мінімальнага заробку

Рыгор Грык не знайшоў паразуменьні ў Палаце прадстаўнікоў

Камісія па працы і сацыяльных пытаньнях Палаты прадстаўнікоў парлямэнту адмовіла жыхарам Баранавічаў на просьбу ініцыяваць закон аб павелічэньні мінімальнага заробку.
Кіраўнік камісіі палаты прадстаўнікоў Уладзімер Васіленка ў лісьце паведаміў, што «ў цяперашні час памер заробку зьяўляецца аптымальным для эканамічных умоваў, якія склаліся, забясьпечвае высокі ўзровень занятасьці на рынку працы, а таксама праз мэханізм яго індэксацыі часткова пакрывае страты нізкааплатных катэгорыяў працаўнікоў, выкліканыя інфляцыяй».

Дэпутат паведаміў, што мінімальны заробак з 1 студзеня 2014 году вызначаны ў памеры 1 660 000 рублёў, што складае 100,04 працэнта мінімальнага спажывецкага бюджэту сям’і з чатырох чалавек на пачатак 2013 году.

У сувязі з гэтым, паведаміў Уладзімер Васіленка, «прапанова па павелічэньні заробку ня можа быць падтрыманая».

Зварот з подпісамі больш як 140 жыхароў Баранавічаў накіроўваў актывіст Рыгор Грык. Падпісанты прасілі ініцыяваць Закон «аб усталяваньні мінімальнага заробку ў памеры 3 мільёнаў рублёў, а пэнсіі — 2,5 мільёнаў рублёў з індэксацыяй гэтых паказчыкаў у часе зьмяненьня цэнаў на тавары і паслугі».

Жыхары Баранавічаў сьцьвярджалі ў звароце, што «ў цяперашні час узровень сярэдняга заробку не зьяўляецца паказчыкам сапраўднага ўзроўню жыцьця працоўных. У выніку пры няспынным росьце цэнаў фактычна адбываецца замарожваньне заробку працаўнікоў».